Мінск 21:46

Белгідрамет: Новы нацыянальны рэкорд спякоты — 40,4 градуса

Ілюстрацыя: "Позірк"

29 чэрвеня, Позірк. Новы нацыянальны рэкорд спякоты складае 40,4 градуса, паведаміў Белгідрамет увечары 29 чэрвеня. Такая тэмпература была зафіксаваная “пасля 14:00” у Пінску.

Верагодна, паказчык быў зняты з прыбора, які вымярае мінімальную і максімальную тэмпературу на працягу сутак, паколькі ў гэты час на анлайн-карце было не вышэй за 39,6 градуса. Самі сіноптыкі суправадзілі паведамленне аб пераадоленні 40-градуснай адзнакі мапай з паказчыкам 39,6 градуса на 14:20.

Такім чынам, цяперашні гістарычны экстрэмум на 1,5 градуса большы за ранейшы, зарэгістраваны 8 жніўня 2010 года ў Гомелі (38,9). Перапісаны таксама неафіцыйны рэкорд, пра які раней згадвалі сіноптыкі, — 39,2 градуса, адзначаны ў той жа дзень у аэрапорце абласнога цэнтра.

Рэкорд чэрвеня — 37,6 градуса ў Брэсце — пратрымаўся суткі.

У самім Пінску папярэдні лакальны гістарычны тэмпературны максімум — 36,3 градуса — быў зафіксаваны 120 гадоў таму, 5 жніўня 1905 года.

Рэкорд для 29 чэрвеня перавышаны на 5 градусаў (35,3 у Лельчыцах у 1963 годзе).

Канчатковыя даныя стануць вядомыя пасля 22 гадзін.

На 29 чэрвеня Белгідрамет прагназаваў да 39 градусаў. У наступныя дні стане на некалькі градусаў халадней.

Падзяліцца: