Мінск 12:42

Майстар Бягомльскага лясгаса, яго калега і знаёмы абвінавачаныя ў крадзяжы драўніны на 16,6 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: Pawel Czerwinski / unsplash.com

14 ліпеня, Позірк. Майстру лесу Бягомльскага лясгаса (Віцебская вобласць), яго калегу і знаёмаму выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы драўніны на 16,6 тыс. рублёў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі абласнога ўпраўлення СК, 41-гадоваму майстру і яго 30-гадоваму знаёмаму інкрымінаваная ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены групай асоб з папярэдняй змовы ў буйным памеры), 39-гадоваму калегу — ч. 2 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены групай асоб з папярэдняй змовы).

Майстар змешчаны пад хатні арышт, астатнія знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд і належныя паводзіны.

Паводле звестак следства, мужчына “ўступіў у злачынную змову” з калегам і знаёмым. Ведаючы пра наяўнасць няўлічаных лішкаў лесаматэрыялаў на дзялянках і лесапрамысловых складах, ён, як сцвярджаецца, арганізоўваў незаконны вываз сыравіны двума спосабамі — без афармлення таварна-суправаджальных дакументаў, а таксама на падставе накладных на ўжо выкананыя раней рэйсы.

Для канспірацыі яны, як заяўлена, дэмантавалі навігацыйныя сістэмы з транспартных сродкаў, а таксама выкарыстоўвалі адмысловую прыладу для блакавання GPS-сігналу.

Выкрадзеную драўніну фігуранты, згодна з версіяй абвінавачання, прадавалі кіраўніку іншага прадпрыемства, які не ведаў пра іх “злачынныя намеры”, а таксама выкарыстоўвалі для асабістых патрэбаў.

З кастрычніка 2025 года па сакавік 2026 года ўдзельнікі групы незаконна завалодалі сама меней 234 кубаметрамі лесапрадукцыі.

Падзяліцца: