Мінск 13:42

Падсанкцыйнае “КБ “Радар” распрацавала новы перадатчык перашкодаў для абароны крытычнай інфраструктуры ад дронаў

Ілюстрацыя: прэс-служба Дзяржкамваенпрама

6 жніўня, Позірк. Пра з’яўленне новага перадатчыка перашкод “Тарпан” для выкарыстання ў комплексах радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) 6 жніўня паведаміў Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт.

Адзначаецца, што выраб, распрацаваны ААТ “КБ “Радар”, знаходзіцца на стадыі інтэнсіўных выпрабаванняў.

Паводле інфармацыі ДВПК, перадатчык будзе выкарыстоўвацца ў комплексах, прызначаных для абароны крытычнай інфраструктуры і важных дзяржаўных аб’ектаў ад пагроз, звязаных з выкарыстаннем высокадакладнай зброі і беспілотных лятучых апаратаў.

Заяўлена, што перадатчык “фармуе і выпраменьвае радыёперашкоды, якія блакуюць або дэзінфармуюць навігацыйныя прыёмнікі спадарожнікавых сістэм GPS, ГЛАНАСС, BeiDou і Galileo”.

Сярод заяўленых характарыстык комплексу названыя “высокая магутнасць перадатчыкаў, вузканакіраваныя перадавальныя антэны з высокім каэфіцыентам узмацнення і далёкасць радыёпадаўлення тэрміналаў спадарожнікавай навігацыі да 50 км”.

Варта адзначыць, што ААТ “КБ “Радар” знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША, а таксама Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі, Новай Зеландыі і Японіі.

Ведамства анансавала раскрыццё інфармацыі пра іншыя новыя распрацоўкі ў сферы радыёэлектроннай барацьбы.

Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня на нарадзе па стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій заявіў, што ў гэтай установе, магчыма, змогуць вынайсці “прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі”, які “абнуліць значэнне і ролю БПЛА”.

3 траўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў, што падпарадкаваныя яму падраздзяленні “практычна штодня” фіксуюць парушэнні дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.

Паводле яго слоў, гэта найперш звязана са складаным геаграфічным становішчам Беларусі: “Таму што мы маем выступы як на тэрыторыі Украіны, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, на поўдні, на ўсходзе. Таму тыя маршруты, якія пралягаюць уздоўж нашых межаў, бывае, што беспілотныя лятучыя апараты адхіляюцца і парушаюць паветраную прастору, у тым ліку сродкі радыёэлектроннай барацьбы ўплываюць на маршрут палёту”.

Са слоў Лук’яновіча вынікае, што перахопліваюцца не ўсе дроны: “Калі гэтая паветраная цэль нясе пагрозу нашым крытычна важным аб’ектам, то гэтая цэль знішчаецца”.

І Масква, і Кіеў шырока выкарыстоўваюць беспілотнікі ў поўнамаштабнай вайне, якую Расія распачала супраць Украіны 24 лютага 2022 года, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: