Мінск 13:15

24-гадовая жыхарка Ушачаў абвінавачаная ў забойстве свайго нованароджанага сына

28 ліпеня, Позірк. 24-гадовая жыхарка гарадскога пасёлка Ушачы (Віцебская вобласць) абвінавачваецца паводле п. 2 ч. 2 арт. 139 КК (забойства загадзя малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане), яна змешчаная пад варту, паведаміла 28 ліпеня прэс-служба Следчага камітэта.

Згодна з інфармацыяй ведамства, 21 сакавіка 2026 года жанчына, будучы п’янай, нарадзіла хлопчыка — ва ўласным двары ў вулічнай прыбіральні. Заяўлена, што яна “разарвала пупавіну, і немаўля ўпала ў выграбную яму”. “Ніякіх дзеянняў па выратаванні дзіцяці” не зрабіла.

“Жанчына свядома не звярнулася па медыцынскую дапамогу і нікому не паведаміла пра тое, што адбываецца, бо не жадала выконваць бацькоўскія абавязкі і мела намер схаваць факт нараджэння дзіцяці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Схаваць праўду ў яе не атрымалася. Сужыцель фігуранткі справы знайшоў яе акрываўленае адзенне і паведаміў пра гэта сваёй маці — тая выклікала хуткую дапамогу. Медыкі агледзелі парадзіху, пасля чаго шпіталізавалі яе, а інфармацыю перадалі ў міліцыю.

Міліцыянеры знайшлі ў выграбной яме цела нованароджанага.

Судова-медыцынская экспертыза паказала, што хлопчык нарадзіўся “жывым, даношаным, спелым і жыццяздольным”. Прычынай смерці стала механічная асфіксія ад закрыцця дыхальных шляхоў змесцівам выграбной ямы.

Хімічная экспертыза зафіксавала ў крыві і мачы нованароджанага наяўнасць этылавага спірту, што “сведчыць пра ўжыванне маці алкаголю незадоўга да родаў”.

Акрамя таго, псіхіятрычная экспертыза паказала, што “жанчына магла ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі”. Была зробленая выснова, што яна “мае патрэбу ў прымусовых захадах бяспекі і лячэння, якія прымяняюцца да асоб, што пакутуюць на хранічны алкагалізм”.

“На допыце фігурантка патлумачыла следчаму, што мае малалетнюю дачку, аднак яна абмежаваная ў бацькоўскіх правах праз ужыванне алкаголю, адсутнасць па месцы жыхарства і сталага месца працы, а таксама крыніцы даходу. Другога дзіцяці яна не хацела, бо яно было зачатае не ад сужыцеля, і яна пабаялася яму ў гэтым прызнацца”, — гаворыцца ў паведамленні. Як адзначаецца, біялага-генетычныя даследаванні пацвердзілі, што мужчына, з якім жыла абвінавачаная, не быў бацькам дзіцяці.

Падзяліцца: