Мінск 17:17

Пракуроры за паўгода выявілі ў Брэсцкай вобласці 117 “экстрэмісцкіх” інтэрнэт-рэсурсаў

29 ліпеня, Позірк. У першым паўгоддзі 2026 года ў Брэсцкай вобласці выяўлена 117 інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджвалі інфармацыю, накіраваную на “павышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады”, паведамляе Генеральная пракуратура.

У суды, як удакладняецца, былі накіраваны заявы аб прызнанні “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 34 старонкі ў “Інстаграме”, 24 — у “ЦікТоку”, 23 — у “Трэдсе”, 7 — у “Фэйсбуку”, 6 — ва “УКантакце”, 5 — у “Тэлеграме”, 3 — у “Х”, 8 інтэрнэт-сайтаў, 6 каналаў на відэахостынгу “Ютуб”, 3 каналы мультыфарматнай платформы “Дзэн”, а таксама 2 мабільныя дадаткі.

Акрамя таго, пракурорамі вобласці накіраваны на экспертызу для ацэнкі на “экстрэмізм” інфармацыйныя матэрыялы яшчэ дзесяці рэсурсаў.

Ведамства заяўляе, што “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, уключаных у рэспубліканскі спіс, у тым ліку праз спасылкі, рэпосты, лайкі, цягне за сабой адказнасць паводле арт. 19.11 КаАП”.

У Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі для палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ адвольна, у пазасудовым парадку абвяшчаюць “экстрэмісцкімі” групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаўнай палітыцы.

Сродкі масавай інфармацыі і медыяарганізацыі, якія не падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”. Гэта адкрывае шлях для адвольнага крымінальнага пераследу і турэмнага зняволення іх супрацоўнікаў, абмежавання права на свабоду асацыяцый і выказвання меркавання.

Падзяліцца: