Мінск 16:22

Турчын паабяцаў БМЗ дзяржпадтрымку ва ўмовах “няпростай сітуацыі”, але толькі “пад канкрэтныя праекты”

Ілюстрацыйны здымак з фотаальбома на сайце БМЗ

30 ліпеня, Позірк. Улады “намацалі нейкую стабілізацыю <…> фінансавага стану прадпрыемства”, заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 30 ліпеня падчас працоўнай нарады на Беларускім металургічным заводзе (БМЗ; Жлобін, Гомельская вобласць).

“Зразумела, што сітуацыя няпростая — няпростая, перш за ўсё, на знешніх рынках, але тым не менш, наша задача — забяспечыць эфектыўную працу БМЗ, — сказаў ён (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале Савета міністраў). Працу, якая генеруе дадатны фінансавы вынік для таго, каб прадпрыемства магло жыць і развівацца”.

Паводле слоў Турчына, урад прыняў “цэлы шэраг рашэнняў <…> адносна БМЗ”, сярод якіх “зніжэнне тарыфаў на электраэнергію, зніжэнне працэнтных ставак, прадастаўленне рэсурсаў”.

“Прадпрыемства значнае для нашай краіны, таму дзяржава будзе аказваць падтрымку БМЗ, — запэўніў чыноўнік. — Вядома, пры ўмове, што само прадпрыемства будзе ўсе намаганні прыкладаць для таго, каб працаваць эфектыўна. То бок ніякіх проста раздач сродкаў не можа быць”.

Рэсурсы, падкрэсліў ён, “могуць быць выдзеленыя пад канкрэтныя праекты, пад канкрэтны вынік”.

У 2023 годзе Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі санкцыі ў дачыненні да ААТ “Беларускі металургічны завод — кіроўная кампанія холдынгу “Беларуская металургічная кампанія”.

У другой дэкадзе ліпеня 2026 года стала вядома, што Упраўленне па кантролі за замежнымі фінансавымі актывамі ЗША выключыла з санкцыйнага спісу зарэгістраваную ў Маямі кампанію BEL-KAP-STEEL, палова доляў у якой належыць БМЗ. Рашэнне не тлумачылася.

15 ліпеня намеснік гендырэктара БМЗ Сяргей Цярлецкі заявіў, што зараз прадпрыемства пастаўляе на экспарт 75% сваёй прадукцыі. Паводле яго слоў, “ільвіная доля” паставак прыпадае на расійскі рынак — “гэта каля 75–80%”. Астатняя частка прыпадае на дзяржавы Блізкага Усходу, Афрыкі, Азіі і некаторыя краіны СНД, адзначыў ён.

Падзяліцца: