Мінск 12:55

Зборныя Беларусі не дапушчаныя да мужчынскага і моладзевага чэмпіянатаў свету па хакеі 2027 года

Ілюстрацыя: iihf.com

31 ліпеня, Позірк. У сувязі з “захаванымі асцярогамі адносна бяспекі і мер яе гарантавання“ Савет Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе (ІІХФ) прыняў рашэнне не дапускаць беларускія зборныя да асобных спаборніцтваў.

Паводле інфармацыі прэс-службы ІІХФ, беларускія спартсмены не змогуць узяць удзел у чэмпіянаце свету сярод мужчын 2027 года, а таксама ў моладзевым ЧС-2027.

Адзначаецца, што Беларуская федэрацыя хакея прасіла Савет ІІХФ дапусціць нацыянальныя зборныя таксама да іншых чэмпіянатаў свету — сярод жанчын (дывізіён IV), жанчын да 18 гадоў (дывізіён III), юніёраў да 18 гадоў.

Рашэнне па іх не прыводзіцца, аднак напрыканцы траўня спартыўны сайт hockey.by са спасылкай на ІІХФ паведаміў, што беларускім спартсменам у гэтых спаборніцтвах удзельнічаць дазволена.

Тэлеграм-канал Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі прывёў словы старшыні федэрацыі хакея Беларусі Аляксандра Багдановіча, які назваў рашэнне ІІХФ “важным і пазітыўным крокам” і паабяцаў “зрабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуць на міжнародную арэну ўсе беларускія зборныя”.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Адзначалася, што МАК “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, роварным спорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая універсіяды.

Захаваныя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў ды іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць “хатнія” міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

Падзяліцца: