Мінск 16:34

У ССА праходзяць ваенныя зборы — на іх, як мяркуецца, выкліканыя нядобрасумленныя работнікі сельскай гаспадаркі

Фота: Мінабароны

9 жніўня, Позірк. Пра пачатак “збору з прызывам ваеннаабавязаных” у адным са злучэнняў Сіл спецыяльных аперацый (ССА) паведаміла 9 жніўня Міністэрства абароны.

Зборы арганізаваныя “ў мэтах рэалізацыі даручэння” Аляксандра Лукашэнкі, адзначае ведамства.

Ваеннаабавязаныя “прыбылі ў вайсковую частку, прайшлі праз пункт прыёму асабовага складу”, гаворыцца ў паведамленні.

“У ходзе збору, які зойме да 60 сутак, з ваеннаабавязанымі правядуць заняткі па аднаўленні ваенна-прафесійных навыкаў. Пасля праходжання курса навучання яны будуць накіраваныя ў раёны выканання вучэбна-баявых задач”, — паведамляе Мінабароны.

Паводле слоў намесніка начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі камандавання ССА Яўгена Дзянісава, на зборах “правяраецца дзейнасць як вайсковай часткі, так і ваенных камісарыятаў па пытаннях баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці вайскоўцаў”.

“Адпрацоўваецца парадак прызыву ваеннаабавязаных, іх экіпіроўкі і размяшчэння, правядзенне заняткаў, а таксама выкананне ваеннаабавязанымі задач па прызначэнні”, — сказаў Дзянісаў.

У бліжэйшы час, дадаў ён, ваеннаабавязаных размяркуюць па падраздзяленнях: “Будзе сфарміраваны стралковы батальён. У далейшым зводнае падраздзяленне будзе накіравана на палігон злучэння, дзе яго размесцяць у раёнах засяроджвання”.

“На палігоне з ваеннаабавязанымі будуць праводзіцца заняткі па асноўных прадметах баявой падрыхтоўкі, якія забяспечваюць жывучасць вайскоўцаў і захаванне баяздольнасці падраздзялення ў цэлым: агнявая, інжынерная і ваенна-медыцынская падрыхтоўкі”, — адзначыў прадстаўнік ССА.

Заняткі, паводле яго слоў, будуць праходзіць “як паблізу раёна засяроджвання, так і на значным выдаленні”. Таксама запланаваныя “сутачныя заняткі з правядзеннем як у светлы час сутак, так і ва ўмовах абмежаванай бачнасці”.

“У цэлым у ходзе правядзення збораў ваеннаабавязаныя асвяжаць свае веды, атрыманыя ў ходзе праходжання тэрміновай ваеннай службы, азнаёмяцца з новымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія паступаюць у злучэнні і воінскія часці Узброеных сіл”, — сказаў Дзянісаў.

З паведамлення Мінабароны вынікае, што працу над выкананнем згаданага даручэння Лукашэнкі ведамства праводзіла 31 ліпеня. У той дзень паведамлялася, што міністэрства “ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі выканаўчай улады вызначае алгарытмы прызыву на ваенную службу (зборы) работнікаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія не забяспечылі выкананне сваіх абавязкаў у перыяд уборкі ўраджаю 2026 года”.

На нарадзе па рэалізацыі даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі адносна ўборачнай кампаніі 31 ліпеня міністр абароны Віктар Хрэнін тады пацікавіўся ў вайсковых камісараў, як жыхары ставяцца да ўдзелу Узброеных сіл у жніве, і даручыў “працягнуць узаемадзеянне з арганізацыямі сельскагаспадарчага сектара, у тым ліку інфармацыйную працу па пытаннях, якія хвалююць насельніцтва”.

21 ліпеня на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі Лукашэнка заявіў, што тыя, хто “дрэнна працуе і не выконвае працоўную дысцыпліну”, павінны праходзіць кароткатэрміновую падрыхтоўку і накіроўвацца ў вайсковыя падраздзяленні, размешчаныя ля ўкраінскай мяжы. Ён таксама запатрабаваў накіроўваць чыноўнікаў на працу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, прыгразіўшы за невыкананне гэтых указанняў службай у войску.

“Ну, чаго мы будзем пры дэфіцыце кадраў кайданкі надзяваць? Папрасіце Хрэніна, даручэнне яму маё перадайце: усіх, хто не ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, Сілы спецыяльных аперацый, на мой загад разгрупаваныя па ўкраінскай мяжы”, — сказаў Лукашэнка.

22 ліпеня Хрэнін прадставіў Лукашэнку прапановы па прыцягненні вайсковых камісараў да выканання даручэння пра накіраванне ў войска работнікаў, якія праявілі нядобрасумленнасць і недысцыплінаванасць падчас уборачнай кампаніі.

Падзяліцца: