Мінск 20:51

Праект рашэння аб візах у Чэхію для сваякоў беларусаў можа быць прыняты да канца верасня

Ілюстратыўнае фота: Radek Kozak / unsplash.com

14 жніўня, Позірк. Праект пастановы ўрада аб візах для сваякоў беларусаў, якія жывуць у Чэхіі, накіраваны 11 жніўня МЗС Чэхіі на міжведамаснае ўзгадненне. Гэта вынікае з паведамлення на афіцыйным урадавым партале краіны.

Суправаджальны ліст за подпісам віцэ-прэм’ера і міністра замежных спраў Пятра Мацынкі накіраваны іншым дзяржаўным ведамствам.

Згодна з праектам, які апублікаваны часткова, права на кароткатэрміновыя візы ў Чэхію атрымаюць сваякі грамадзян, якія пастаянна або часова пражываюць у гэтай краіне.

Для прадстаўлення заўваг ведамствам устаноўлены 10-дзённы тэрмін. “З улікам тэрміновасці пытання” прапануецца ўстанавіць для будучай пастановы дату ўступлення ў сілу 30 верасня 2026 года”.

Калі ведамствы не ўнясуць перашкодаў і праект пройдзе далейшую працэдуру, менавіта з гэтай даты прадугледжаная змена можа пачаць дзейнічаць.

У цяперашні час Чэхія не адкрывае візы беларускім грамадзянам за рэдкім выключэннем – напрыклад, доўгатэрміновыя візы па ўз’яднанні сям’і або кароткатэрміновыя пры трагічных абставінах смерці сваякоў.

Офіс дэмакратычных сіл у Чэхіі ў сацсетках падзякаваў кіраўніку МЗС за падрыхтоўку праекта: “Мы спадзяемся, што прапанова будзе адобрана і будзе садзейнічаць захаванню важных чалавечых і сямейных сувязей”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведвала Чэхію ў чэрвені.

Тады Мацінка пацвердзіў, што па выніках папярэдніх сустрэч з ёй прынята рашэнне аб спрашчэнні працэдуры выдачы віз сваякам беларусаў, якія жывуць у краіне.

Падзяліцца: