Мінск 21:37

Галоўчанка не бачыць праблем у паслабленні рубля, называе сітуацыю на валютным рынку “абсалютна спакойнай”

Архіўнае фота: informpskov.ru

18 жніўня, Позірк. Сітуацыя з курсам беларускага рубля “абсалютна спакойная”, заявіў дзяржСМІ старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.

Курс нацыянальнай валюты, паводле яго слоў, “ідзе ў рамках нашых калідораў”, яго зніжэнне апошнім часам з’яўляецца “невялікім аслабленнем”.

“Яно звязана ў першую чаргу з аслабленнем расійскага рубля ў адносінах да долара. З улікам таго, што ў нас курсаўтварэнне ажыццяўляецца па формуле з улікам нашага валютнага кошыка. Адпаведна, мы крыху аслаблі ў адносінах да амерыканскай валюты. Але зноў-такі — гэта ў межах нашых курсавых калідораў”, — сказаў кіраўнік рэгулятара.

Цяпер, дадаў ён, падтрымку рублю аказваюць насельніцтва і юрыдычныя асобы, якія не купляюць, а прадаюць замежную валюту. Таму, перакананы Галоўчанка, сітуацыя з беларускім рублём “спакойная і стабільная”.

Раней паведамлялася, што на таргах 18 жніўня каціроўка долара вырасла да 3,0313 (+0,6%; +0,0182). На супастаўным узроўні ён знаходзіўся 6 кастрычніка 2025 года, калі падаражэў з 3,0056 да 3,039 рубля (+1,11%; +0,0334).

На мінулым працоўным тыдні (10–14 жніўня) курс долара вырас на 1,43% (з 2,9484 да 2,9906 рубля), з пачатку гэтага месяца — на 4,32% (на 1 жніўня афіцыйны курс складаў 2,9058).

Падзяліцца: