Мінск 13:11

Новы павераны ў справах Вялікабрытаніі запісаў першы відэазварот, па-беларуску пакуль ведае толькі два словы

Уільям Лангхёрст
Фота: fcdo.gov.uk

22 жніўня, Позірк. Першы відэазварот запісаў новы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Уільям (Біл) Лангхёрст.

Свой спіч ён прамаўляў на рускай мове. Дыпламат выказаў падзяку за цёплы прыём, добрыя пажаданні і парады, што “паглядзець і пакаштаваць” у краіне знаходжання. “Шчыра кажучы, я не чакаў так шмат водгукаў. І гэта многае гаворыць аб гасціннасці беларусаў. <…> Здаецца, што ўжо ёсць цэлая праграма на тры гады тут”, — адзначыў Лангхёрст.

Паводле слоў паверанага, ён хацеў бы нешта сказаць па-беларуску, але, на жаль, пакуль ведае толькі два словы — “прывітанне” і “дзякуй”. “Так што — “дзякуй”, — завяршыў свой аднахвілінны зварот дыпламат.

Раней ён прэзентаваў сябе на фэйсбук-старонцы амбасады фатаграфіямі з біяграфічнымі звесткамі, а таксама падзяліўся некаторымі дэталямі асабістага жыцця.

Лангхёрст нарадзіўся ў 1967 годзе ў Чэлмсфардзе — невялікім горадзе на паўночны ўсход ад Лондана. Горад вядомы як радзіма радыё. У 1898 годзе яго вынаходнік Гульельма Марконі адкрыў там “завод бяздротавага тэлеграфа”. Бацька дыпламата “ўсё жыццё прапрацаваў інжынерам на заводзе, звязаным з кампаніяй Marconi”.

Прозвішча Лангхёрст — англасаксонскае, прыблізны пераклад — “жыхар доўгага лясістага ўзгорка”.

Лангхёрст вучыўся ва Універсітэце Шэфілда. У сям’і “ніхто раней не працаваў у дзяржструктурах, тым больш за мяжой”. Для блізкіх “стала сапраўдным сюрпрызам”, калі ён у 1990 годзе прыйшоў на дыпламатычную службу ў Форын-офіс (знешнепалітычнае ведамства Вялікабрытаніі).

“Мая мама дагэтуль час ад часу пытаецца, чым я наогул займаюся”, — прызнаўся Лонгхерст.

Павераны любіць тэніс, гольф, гуляе на віяланчэлі і фартэпіяна, у футболе больш за лонданскі “Арсенал”. Гаворыць на шасці замежных мовах: рускай, японскай, карэйскай, французскай, сербскай, нямецкай. Акрамя таго, “недзе ў глыбіні памяці хаваецца трохі кхмерскага”. Жыў у Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Сербіі, Камбоджы і Швейцарыі. “Калі дадаць Беларусь, то атрымаецца 8 краін, якія ў розны час былі маім домам”, — адзначае дыпламат. Любімая кухня — японская.

Лангхёрст быў прызначаны павераным у справах Вялікабрытаніі ў Беларусі 16 чэрвеня 2026 года, змяніўшы Дэвіда Уорда, які працаваў на гэтай пасадзе з верасня 2024 года.

Да 2024 года Лангхёрст займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі і генеральнага консула ў Швейцарыі і Ліхтэнштэйне ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Берне. МЗС Вялікабрытаніі паведамляе, што з 2024 па 2026 год дыпламат займаўся “інтэнсіўным моўным навучаннем (руская мова)“.

Лондан не стаў павышаць узровень дыпламатычнай прысутнасці, змяніўшы аднаго часовага паверанага ў справах на іншага.

Раней у Мінску працавала амбасадар, Жаклін Перкінс. Пра завяршэнне яе місіі стала вядома ў жніўні 2024 года.

31 ліпеня міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў прыняў у Лангхёрста даверчыя граматы.

Лангхёрст стаў другім дыпламатам з краін Заходняй Еўропы, акрэдытаваным у Беларусі ў якасці пастаяннага (не часовага) паверанага ў справах. Першай з’яўляецца павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен, якая ўручыла даверчыя граматы Рыжанкову 19 лістапада мінулага года.

Падзяліцца: