Мінск 17:16

Мытня распачала крымінальную справу супраць грамадзяніна Аўстрыі, які прыбыў з Літвы з какаінам

Фота: ДМК

7 верасня, Позірк. Аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да 35-гадовага грамадзяніна Аўстрыі паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Паводле інфармацыі мытні, мужчына заязджаў у Беларусь праз пункт пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) рэйсавым аўтобусам Каўнас — Мінск. Падкрэсліваецца, што ён перасякаў мяжу па зялёным калідоры і заявіў, што не ўвозіць забароненыя тавары, альбо тавары, якія падлягаюць дэклараванню.

Аднак, як адзначае ДМК, на яго ўказаў службовы сабака, пасля чаго быў зроблены дагляд.

У выніку ў аўстрыйскага грамадзяніна быў знойдзены пакет з цукеркамі, сярод якіх знаходзіліся “два скруткі з палімернага матэрыялу са спрасаваным рэчывам белага колеру”.

Экспертызай устаноўлена, што канфіскаванае рэчыва з’яўляецца какаінам.

Мытня расследуе справу паводле ч. 2 арт. 3281 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў).

Фігуранту пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: