Мінск 18:45

У спіс “экстрэмістаў” дададзена яшчэ 19 чалавек

Фота: pixabay.com

11 верасня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 11 верасня дадало 19 чалавек у спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Цяпер у адпаведным пераліку на сайце ведамства 6.906 пазіцый.

З адзнакай “судзімасць не пагашаная”, якая, як правіла, сведчыць аб вынясенні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, у пералік уключаныя асуджаныя паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 КК Вольга Вострыкава, Арцём Скоблік, Віктар Міхалькевіч, Сяргей Матора, Мікіта Стоян, Раман Абрамаў і Яніна Гудкова.

З такой жа пазнакай у спіс унесеныя Таццяна Хабарава (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 3614), Мікалай Шэмпель (ч. 1 арт. 368), Андрэй Шайко (арт. 130, ч. 3 арт. 361), Дзмітрый Мароз (ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 3 арт. 3611, ч. 1 арт. 3614), Дзяніс Дарашэвіч (ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 130), Святлана П’янава (ч. 1 арт. 367, ч. 1 і 2 арт. 3614), Андрэй Блінкоў (ч. 1 арт. 243, ч. 2 арт. 2431, ч. 1 арт. 342).

Яшчэ насупраць пяці прозвішчаў указана “адбывае пакаранне”. Гэта вакалістка рок-гурта Dymna Lotva Кацярына Манкевіч (ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 2911, ч. 1 арт. 368, арт. 3661, ч. 1 арт. 2891), Дзяніс Адамін (ч. 1 і 3 арт. 130, ч. 6 арт. 16, ч. 1 і 2 арт. арт. 3614, арт. 368, арт. 369), Валерый Рынкевіч (ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 1301, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 367, арт. 370), Арцём Меркель (ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 293), Аксана Дзячук (ч. 1 арт. 3614).

У Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі для палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ адвольна, у пазасудовым парадку абвяшчаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаўнай палітыцы.

Сродкі масавай інфармацыі і медыяарганізацыі, якія не падтрымліваюць рэжым, абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”. Гэта адкрывае шлях для адвольнага крымінальнага пераследу і турэмнага зняволення іх супрацоўнікаў, абмежавання права на свабоду асацыяцый і выказвання меркавання.

Даведка “Позірку”:

арт. 13 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да злачынства;

арт. 16 — саўдзел у злачынстве;

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 1301 — рэабілітацыя нацызму;

арт. 2901 — фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 356 — здрада дзяржаве;

арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 370 — здзек над дзяржаўнымі сімваламі.

Падзяліцца: