Мінск 15:44

Лукашэнка зноў канстатаваў зніжэнне аб’ёмаў гандлю з Пакістанам

Ісламабад
Ілюстрацыйнае фота: hunzaexplorers.com

24 верасня, Позірк. Зніжэнне аб’ёмаў гандлю з Пакістанам у чарговы раз канстатаваў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Сената гэтай краіны ў Паўднёвай Азіі Саідам Юсуфам Разой Гілані.

“Мы апошнім часам пачалі зніжаць гандаль паміж дзвюма дзяржавамі, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Шмат у чым гэта залежыць ад той плацежнай інфраструктуры, якая сёння існуе. З нашага боку ніякіх праблем, затрымак тут няма [у плане правядзення плацяжоў]. Думаю і спадзяюся, што пасля вашага візіту да нас будуць урэгуляваныя гэтыя пытанні і з пакістанскага боку”.

Лукашэнка папрасіў кіраўніка верхняй палаты пакістанскага парламента садзейнічаць правядзенню ў рамках міжурадавай камісіі “сур’ёзнай рэвізіі” стасункаў паміж дзвюма краінамі. На яго думку, варта праверыць рэалізацыю існых праектаў і выйсці без затрымак на “тыя кірункі супрацы, якія сёння патрэбныя Пакістану і Беларусі”.

На ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краін, сцвярджае ён, склаліся добрыя стасункі, і “гэта абнадзейвае”. “Але той узровень палітычнага ўзаемадзеяння, які ў нас існуе, і парламенцкага ўзаемадзеяння відавочна не адпавядаюць таму эканамічнаму ўзроўню, які паміж Беларуссю і Пакістанам”, — падкрэсліў гаспадар сустрэчы.

Раней на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, нагадаў Лукашэнка, была дасягнутая дамоўленасць, што “ў найбліжэйшай будучыні, асабліва сёлета і налета, стасункі ў сферы эканомікі будуць значна інтэнсіфікаваныя”.

“Вельмі важнае пытанне — наладжванне нармальнага фінансавага абмену, нармальных стасункаў у сферы фінансаў паміж нашымі дзяржавамі, — заявіў ён. — Думаю, гэта вам пад сілу сёння. Маючы на ўвазе перш за ўсё тую ролю, якую вы адыгрываеце ў свеце. Асабліва ў сувязі з тым, што вы робіце для ўрэгулявання канфлікту ў Армузскім праліве”.

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што наладжванне нармальнай плацежнай інфраструктуры паміж дзяржавамі дазволіць “значна прасунуць гандлёва-эканамічную супрацу, у якой цяпер назіраецца некаторы спад”.

1 верасня ён заявіў пра зніжэнне тавараабароту з Пакістанам у 2025 годзе, сустракаючыся з Шахбазам Шарыфам у Бішкеку (Кыргызстан) на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

“Мы крыху з тавараабаротам праваліліся, працэнтаў на 20, — казаў тады Лукашэнка. — Але сёлета ў жніўні ўсё ж у даручэнскім плане зрухі маюцца. Нашы і вашы спецыялісты атрымалі пэўныя задачы. Я думаю, што будучы год у нас мае быць больш актыўным. <…> Праблемы існуюць і заўсёды будуць, але няма тых праблем, якія мы не змаглі б з вамі пераадолець. Давайце ў гэтым кірунку дзейнічаць”.

У красавіку 2025 года Лукашэнка выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў: “Тых галін, пра якія мы папросім”. Ускосна ён раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.

Спадзеў на “эфектыўную рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых падчас сустрэч у 2024 і 2025 гадах” палітык выказаў 14 жніўня, віншуючы прэзідэнта Пакістана Асіфа Алі Зардары і прэм’ер-міністра Шахбаза Шарыфа з Днём незалежнасці.

Паводле слоў віншавальніка, “далейшае паглыбленне беларуска-пакістанскага партнёрства” ў сферах гандлю, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншых кірунках “у поўнай меры адпавядае стратэгічным інтарэсам абедзвюх дзяржаў”.

Дарожная карта “развіцця ўсебаковай супрацы” дзвюх краін на 2025–2027 гады была падпісаная 26 лістапада 2024 года ў Ісламабадзе па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Шарыфа.

На тых перамовах Лукашэнка заявіў пра магчымасць усталявання паміж краінамі бязвізавага рэжыму.

Паводле інфармацыі беларускага боку, агулам было падпісана 15 пагадненняў.

Пакістан далёка не самы буйны гандлёвы партнёр Беларусі. Даныя пра ўзаемны гандаль за 2022, 2023 і 2024 гады адсутнічаюць. У студзені — жніўні 2021-га, згодна з інфармацыяй беларускай амбасады ў гэтай краіне, тавараабарот склаў 53,2 млн долараў (беларускі экспарт — 44,3 млн, пакістанскія пастаўкі — 8,9 млн). Яшчэ з савецкіх часоў краіна з’яўляецца буйным імпарцёрам беларускіх трактароў.

Падзяліцца: