Мінск 23:23

Лукашэнка адправіў у адстаўку Дапкюнаса, які ў апошнія месяцы адзначыўся скандальнымі антыўкраінскімі заявамі

Андрэй Дапкюнас (у цэнтры)
Фота: mfa.gov.by

28 верасня, Позірк. Аб вызваленні ад дыпламатычных пасад 63-гадовага Андрэя Дапкюнаса паведаміла 28 верасня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Дыпламат з 20 ліпеня 2020 года працаваў амбасадарам у Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Славеніі, а таксама пастаянным прадстаўніком пры міжнародных арганізацыях у Вене і па сумяшчальніцтве пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Як адзначаецца ў рэлізе, пастанова прынятая “ў сувязі з выхадам у адстаўку”. Дапкюнас дасягнуў пенсійнага ўзросту.

Дыпламат, унучаты пляменнік паэта Янкі Купалы, апошнім часам зрабіў шэраг скандальных антыўкраінскіх заяваў.

24 верасня на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене Дапкюнас заявіў, што ўкраінскія ўлады “пасля 2014 года [вырашылі] жорстка перафарматаваць дзяржаўную ідэнтычнасць краіны насуперак яе шматнацыянальнай і шматканфесійнай прыродзе“.

“Кіеў заснаваў гэтую ідэнтычнасць на ідэі нацыянальнай выключнасці, праслаўленні заходнеўкраінскага нацыяналізму і антырасейскай рыторыцы“, што стала “адной з важных прычын трагедыі сучаснай Украіны”, сказаў пастаянны прадстаўнік.

Дапкюнас фактычна выступіў з апраўданнем расійскай агрэсіі: “Ніводная краіна свету, якая паважае сябе, не зможа спакойна глядзець на такі дзяржаўны антыпраект на сваёй мяжы“.

25 чэрвеня дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала навіну (пазней была выдаленая) пад загалоўкам: “Дапкюнас: непрыхаваныя пагрозы Кіева Беларусі — сведчанне крайняй ступені разлажэння кіроўнай ва Украіне верхавіны“. У ёй цытаваўся выступ пастаяннага прадстаўніка пры АБСЕ, які фактычна параўнаў кіраўніцтва Украіны з жывёламі.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў краін Еўрасаюза, Дапкюнас заявіў: “Калі сабака пакусаў чалавека, не сабака, а яе ўладальнік нясе грамадзянскую, адміністрацыйную ці нават крымінальную адказнасць. Пакаранне няўмольнае. Вы выхавалі, песціце і ўсімі сіламі падтрымліваеце свайго гадаванца. <…> Трымайце сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем”.

Таксама ён выкарыстаў выразы, у якіх абвінавачваў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў наркаманіі (не называючы імя), а краінам Захаду намякаў на магчымасць ваенных дзеянняў у дачыненні да іх.

18 чэрвеня дыпламат на штогадовай канферэнцыі АБСЕ адзначыў, што прадстаўнікам Мінска “сумна чуць рэгулярныя <…> заклікі заходніх дэлегацый аб неабходнасці справядлівага міру ва Украіне“.

“Нам сумна чуць пра вашы марныя надзеі на знясіленне і паразу Расіі, чуць абсурдныя фантазіі аб рэпарацыях і трыбуналах, — працягнуў прамоўца. — Вы сур’ёзна верыце ў рэальнасць перамогі ў проксі-вайне над ядзернай звышдзяржавай? Вы проста гуляеце з запалкамі вакол бочкі з бензінам”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

На сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) вясной 2025 года была прынятая рэзалюцыя з папраўкай, ініцыяванай беларускімі дэмсіламі, з якой вынікала, што юрысдыкцыя спецтрыбунала ў рамках СЕ па злачынстве агрэсіі ў дачыненні да Украіны “павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, учыненыя так званым беларускім кіраўніцтвам“.

На летняй сесіі таго ж года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю з прапанаваным той жа камандай дадаткам, якое тычыцца адказнасці Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны.

Падзяліцца: