Мінск 13:26

Парламент Кыргызстана пачаў працэдуру ратыфікацыі пагаднення з Беларуссю аб спрашчэнні правілаў знаходжання грамадзян

Бішкек Ілюстрацыйнае фота: Alonso Brosmann / goodfon.com

30 верасня, Позірк. Жагорку Кенеш Кыргызстана 30 верасня ў першым чытанні прыняў законапраект аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення з Беларуссю пра парадак знаходжання грамадзян у дзвюх краінах.

Паводле інфармацыі прэс-службы парламента гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі, пагадненне, падпісанае 29 верасня 2025 года ў Мінску, прадугледжвае, што “грамадзяне дзяржавы аднаго боку, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы другога боку, вызваляюцца ад абавязку рэгістрацыі (пастаноўкі на ўлік па месцы знаходжання) у кампетэнтных органах боку знаходжання на працягу 30 каляндарных дзён”.

Чакаецца, што новая норма створыць “спрыяльныя ўмовы для ўзаемных паездак грамадзян дзвюх дзяржаў, будзе спрыяць далейшаму развіццю кыргызска-беларускіх стасункаў, пашырэнню эканамічных і турыстычных сувязей паміж дзяржавамі”.

Згодна з Канстытуцыяй Кыргызстана, Жагорку Кенеш прымае законы ў трох чытаннях. Пры гэтым другое і трэцяе чытанні могуць прайсці ў рамках аднаго пасяджэння. Пасля прыняцця парламентам дакумент мае падпісаць прэзідэнт.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла адпаведны законапраект 17 красавіка, Савет Рэспублікі ўхваліў яго 11 траўня, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 чэрвеня. Такім чынам, з беларускага боку працэдура завершаная.

17 верасня 2026 года ўрад Беларусі паведаміў пра зацвярджэнне пагаднення з Кыргызстанам аб узаемным прызнанні і абмене нацыянальных пасведчанняў кіроўцы. Дакумент быў падпісаны сёлета 5 чэрвеня ў Бішкеку падчас афіцыйнага візіту прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына.

У адпаведнасці з пагадненнем бакі ўзаемна прызнаюць пасведчанні кіроўцы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі дзвюх дзяржаў. Таксама прадугледжаная магчымасць абмену пасведчанняў кіроўцы без здачы тэарэтычных і практычных іспытаў пасля атрымання дазволу на сталае пражыванне.

Падзяліцца: