Мінск 13:23

Праз заходнюю мяжу ў Беларусь дастаўляюць наркотыкі з дапамогай метэазондаў, сцвярджае Кубракоў

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

1 кастрычніка, Позірк. Праз заходнюю мяжу ў Беларусь “паступаюць наркотыкі з выкарыстаннем метэазондаў”, паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў 1 кастрычніка ў Душанбэ (Таджыкістан) на пасяджэнні Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц Садружнасці.

“Сёлета мы сутыкнуліся з новым спосабам незаконнага перамяшчэння буйных партый праз заходнія рубяжы нашай краіны — з выкарыстаннем паветраных метэазондаў, абсталяваных сістэмамі геалакацыі і мабільнай сувязі. Выяўленыя неаднаразовыя выпадкі іх транспартавання з Польшчы з мэтай далейшага транзіту ў Расійскую Федэрацыю”, — заявіў чыноўнік.

Паводле яго слоў, у выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у Гродзенскай вобласці вынята больш за 142 кілаграмы наркотыкаў і псіхатропаў, затрыманыя асобы, датычныя да іх транспартавання.

Адметна, што метэазонды актыўна выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага перамяшчэння цыгарэт з Беларусі ў краіны ЕС. Напрыклад, у Літве праз масавы характар гэтай злачыннай практыкі неаднаразова парушалася праца размешчанага непадалёк ад мяжы аэрапорта Вільнюса. Улады еўрапейскіх краін называюць кантрабанду з дапамогай паветраных шароў “гібрыднай атакай” Мінска і абвінавачваюць кіроўны рэжым у яе арганізацыі.

На пасяджэнні Савета міністраў унутраных спраў СНД 1 кастрычніка Кубракоў паведаміў, што ў лютым супрацоўнікі міністэрстваў унутраных спраў Беларусі і Расіі выявілі і ліквідавалі на тэрыторыі Маскоўскай вобласці РФ лабараторыю па вырабе метадону, арганізатарамі якой з’яўляліся беларусы. Было вынята каля 13 кілаграмаў забароненых рэчываў і лабараторнае абсталяванне, “прадухіленая пастаўка буйной партыі на нелегальны рынак”.

Міністр таксама адзначыў, што “асаблівую занепакоенасць выклікае функцыянаванне транснацыянальных махлярскіх кол-цэнтраў, распаўсюджванне экстрэмісцкага і тэрарыстычнага кантэнту, уцягванне моладзі ў супрацьпраўную дзейнасць праз інтэрнэт, спробы дэстабілізацыі грамадскай бяспекі з дапамогай інфармацыйнага ўздзеяння”.

“Істотныя змены ў структуры кіберзлачыннасці ў Беларусі адбыліся два гады таму, калі асноўную частку склалі махлярствы, — сказаў ён. — Цэнтральны вектар супрацьпраўных атак зрушыўся на схіленне ахвяр да самастойнага пераводу сваіх зберажэнняў на банкаўскія рахункі, пазначаныя махлярамі, альбо перадачы наяўных грашовых сродкаў кур’ерам. Мы разглядаем гэты кірунак як прыярытэтны і такі, што патрабуе далейшай кансалідацыі намаганняў”.

8 ліпеня паведамлялася пра функцыянаванне ў Польшчы некалькіх лабараторый па вырабе танных сінтэтычных наркотыкаў для паставак у РФ праз Беларусь. Пра гэта заявіў “аператыўны супрацоўнік МУС” у сюжэце дзяржаўнага тэлеканала АНТ, які выйшаў у эфір 8 ліпеня.

Паводле сцвярджэння гэтага чалавека (імя і пасада не называліся, знешнасць была схаваная, а голас зменены), вытворчасць наркатычных сродкаў “курыруецца ўкраінскімі і польскімі спецслужбамі”, а ахоўваюць вытворчасць нібыта вайскоўцы Украіны.

Сцвярджалася, што вырабленыя наркотыкі дастаўляюцца з Польшчы ў Літву, адкуль перакідваюцца ў Беларусь на паветраных шарах (метэазондах), а пасля адпраўляюцца ў РФ аўтатранспартам.

У сюжэце быў паказаны затрыманы 66-гадовы беларус Валерый Смаленскі з Лепеля (Віцебская вобласць), які, як сцвярджалася, спрабаваў даставіць у Расію партыю наркотыкаў масай прыкладна 60 кг на суму каля 4 млн долараў ЗША на просьбу грамадзяніна Літвы па імені Гедымінас.

Згаданы паветраны канал дастаўкі, гаварылася ў сюжэце, выкарыстоўваўся таксама для перакідкі гашышу. У паветраных шарах разам з наркотыкамі знаходзіліся мабільныя тэлефоны з літоўскімі сім-картамі і GPS-трэкеры.

Тады таксама сцвярджалася, што “літаральна месяц таму ў Літве за кантрабанду затрымалі 27 чалавек, у іх ліку — 10 паліцэйскіх і тры памежнікі, якія перакідвалі груз праз мяжу на паветраных шарах”.

Аўтары рэпартажу назвалі выяўленую схему пастаўкі наркотыкаў часткай “гібрыднай вайны, якую Украіна пры падтрымцы Захаду вядзе ў дачыненні да Беларусі і Расіі”.

Падзяліцца: