Мінск 19:31

ЕС выключыць з беларускага санкцыйнага бізнесменаў Гуцэрыева і Шаўцова — журналіст “РС” Ёзвяк

Міхаіл Гуцэрыеў
Фота: РБК

6 кастрычніка, Позірк. Еўрапейскі саюз 7 кастрычніка выключыць з санкцыйнага спісу, які дзейнічае ў дачыненні да Беларусі, прадпрымальнікаў Міхаіла Гуцэрыева і Віктара Шаўцова. Пра гэта паведаміў у сетцы Х журналіст “Радыё Свабода” Рыкард Ёзвяк.

“Заўтра амбасадары ЕС выкрасляць расійскага і беларускага бізнесменаў Міхаіла Гуцэрыева і Віктара Шаўцова са спіса санкцый супраць Беларусі, паколькі яны выйгралі некалькі спраў у судзе ЕС“, — напісаў ён.

Ёзвяк дадаў, што Гуцэрыеў будзе заставацца пад абмежаваннямі, паколькі нядаўна ўнесены ў санкцыйны спіс супраць РФ за падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Пра тое, што Суд Еўрапейскага саюза (Агульны суд ЕС) у Люксембургу ануляваў рашэнне Савета ЕС аб падаўжэнні ў 2025 годзе санкцый у дачыненні да расійскага прадпрымальніка Міхаіла Гуцэрыева стала вядома 13 траўня.

Суд пастанавіў, што на момант абнаўлення санкцыйнага спісу летась у Савеце ЕС не было “дастатковых і актуальных доказаў“ падтрымкі Гуцэрыевым рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

22 красавіка Агульны суд ЕС прызнаў несапраўднымі ўведзеныя Саветам ЕС 26 ліпеня 2024 года і прадоўжаныя на адзін год 24 лютага 2025-га санкцыі ў дачыненні да беларускага бізнесмена Віктара Шаўцова.

Рашэннем суда былі адменены ў частцы, якая датычыцца Шаўцова, адпаведныя рашэнні і рэгламенты, якія прыняты ў рамках абмежавальных мер у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і яе ўдзелам у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

У той жа час, як адзначалася тады ў пастанове суда, яна не тычылася рашэння Савета ЕС ад 26 лютага 2026 года, які працягнуў санкцыі ў дачыненні да Шаўцова да 28 лютага 2027 года.

Гуцэрыеў патрапіў пад санкцыі ЕС у чэрвені 2021 года. Як адзначаў тады Forbes, у рашэнні Савета ЕС гаварылася, што ён — “даўні сябар“ Лукашэнка, што дазволіла яму “назапасіць значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі“.

Сцвярджалася, што Гуцэрыеў “падтрымліваў Лукашэнку ў спрэчках з Расіяй па пастаўках нафты“, і ўказвалася, што “кампанія мільярдэра адзіная з расійскіх нафтавых кампаній працягвала экспарт нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы падчас энергетычнага крызісу паміж Беларуссю і Расіяй напачатку 2020 года“.

Акрамя таго, у дакуменце было ўказана, што яго кампанія “Слаўкалій” будавала прадпрыемства па вытворчасці хлорыстага калію (Нежынскі горна-абагачальны камбінат) пад горадам Любань (Мінская вобласць). Адзначана, што Лукашэнка “падтрымаў Гуцэрыева пасля таго, як супраць таго ў Расіі распачалі крымінальную справу“, і “дзякаваў Гуцэрыеву за яго фінансавыя ахвяраванні на дабрачыннасць і шматмільярдныя інвестыцыі ў Беларусь”.

У кастрычніку 2025 года Беларускі расследвальніцкі цэнтр абнародаваў расследаванне, у якім сцвярджалася, што беларуская кампанія “Галаграфічная індустрыя“, якая трапіла тады ж пад санкцыі Еўрасаюза, звязаная з Шаўцовым, які быў названы “гаманцом Лукашэнкі”.

Падзяліцца: