Мінск 15:07

Лукашэнка заявіў пра інфармацыйную вайну і назваў МТРК “Мір” зброяй у ёй

24 лістапада, Позірк. Пра вайну, якая вядзецца ў сродках масавай інфармацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада ў Мінску на сустрэчы з членамі савета дырэктараў міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”.

“Сёння ў свеце вельмі неспакойна, сёння ў свеце мы ваюем, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Але пакуль ваюем на інфармацыйным полі, у сродках масавай інфармацыі. Я часта кажу: дзякуй богу, што гэта пакуль у сродках масавай інфармацыі і не выліваецца ў нейкія канфлікты, як ва Украіне сёння адбываюцца падзеі”.

З яго слоў вынікае, што беларускія ўлады неадкладна рэагуюць на з’яўленне ў інтэрнэце інфармацыі, якую лічаць дэструктыўнай.

“Мы, не задумваючыся, робім адпаведныя захады, што б там ні віскаталі з усіх бакоў. Таму што стабільнасць для дзяржавы — найважнейшы фактар. Мы гэта перажылі ў 2020 годзе. І не хочам, каб гэта паўтарылася. І тады пад ударам найперш апынуліся нашы журналісты”, — сцвярджае Лукашэнка.

МТРК “Мір” ён назваў важнай “зброяй” для абароны агульнай інфармацыйнай прасторы, паабяцаўшы садзейнічаць развіццю тэлерадыёкампаніі.

“Кіраўнікі дзяржаў у СНД выдатна разумеюць, што цяпер гэта важкі цяжар на вас — вайна ідзе на інфармацыйным полі. Мы ў гэтым плане вашы разумныя ініцыятывы заўсёды будзем падтрымліваць”, — адзначыў спікер.

Паводле яго слоў, рашэнне стварыць МТРК “Мір” пасля распаду СССР было правільным, паколькі, як ён лічыць, дазволіла захаваць адзіную інфармацыйную прастору.

Лукашэнка сцвярджае, што кожны дзень па некалькі разоў уключае тэлеканал “Мір”, а яго перадачы глядзяць усе кіраўнікі краін СНД.

Паводле слоў палітыка, вынікі апошніх даследаванняў сведчаць пра захаванне цікавасці жыхароў Беларусі да тэлебачання. Канкрэтных даных, а таксама інфармацыі пра тое, хто праводзіў такое даследаванне, прэс-служба не прыводзіць.

У сустрэчы сярод іншых удзельнічалі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі — старшыня савета дырэктараў МТРК “Мір” Дзмітрый Пяскоў, старшыня міждзяржаўнай тэлекампаніі “Мір” Радзік Батыршын.

Пасля здушэння пратэстаў 2020 года беларускія ўлады разграмілі значную частку незалежнага медыясектара. Многія журналісты былі вымушаныя пакінуць краіну.

На 5 траўня 2026 года ў пераліку “экстрэмісцкіх фарміраванняў і арганізацый”, згодна з аналізам “Позірку”, значылася 60 рэдакцый СМІ ды іншых медыяструктур. З тае пары спіс працягваў папаўняцца.

Цяпер, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі знаходзіцца 16 супрацоўнікаў СМІ. Трансгранічныя рэпрэсіі, паводле інфармацыі гэтай арганізацыі, закранулі не менш за 100 работнікаў медыя, якія эмігравалі праз пагрозу палітычнага пераследу.

У 2026 годзе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” папоўнілі інтэрнэт-рэсурсы шэрагу замежных СМІ, у тым ліку рускай службы “Бі-бі-сі”, “Голасу Амерыкі”, тэлеканала “Еўраньюс”, эстонскага выдання Postimees і польскага каталіцкага выдання Gość Niedzielny.

МТРК “Мір” створаная 9 кастрычніка 1992 года на падставе пагаднення кіраўнікоў дзяржаў СНД з мэтай фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы. Адным з яе сузаснавальніц з’яўляецца Беларусь.

Штаб-кватэра МТРК знаходзіцца ў Маскве. У яе склад уваходзяць тэлеканалы “Мір” і “Мір 24”, радыёстанцыя “Мір” і інфармацыйна-аналітычны партал MIR24.

Пяскоў узначальвае савет дырэктараў МТРК “Мір” з лютага 2008 года. Пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ — прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна ён займае з траўня 2012-га.

Падзяліцца: