be
Arrow
Мінск 02:37

Рада БНР: Канфлікты паміж беларусамі і літоўцамі на глебе інтэрпрэтацыі ВКЛ выгадныя пуцінскай Расіі і рэжыму Лукашэнкі

22 жніўня, ПозіркЛюбы публічны канфлікт паміж беларусамі і літоўцамі “вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага княства Літоўскага” выгадны найперш “нашаму супольнаму ворагу — дыктатарскай пуцінскай Расіі”. Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, апублікаванай у “Фэйсбуку”. 

Таксама, на думку Рады БНР, “раскол, які цяпер правакуецца” паміж грамадзянамі Беларусі і Літвы гуляе на руку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які “займаецца прасоўваннем расійска-савецкага каланіяльнага ідэалагічнага і псеўдагістарычнага наратыву, варожага да спадчыны ВКЛ, і мэтанакіравана займаецца русіфікацыяй Беларусі, у тым ліку польскай і літоўскай меншасцяў”. 

“Нашы супольныя ворагі <…> зацікаўлены ў тым, каб гэткія канфлікты выходзілі за межы канструктыўнай акадэмічнай, экспертнай і грамадскай дыскусіі і прыводзілі да ўзаемных абраз і крыўд, шкодзячы шматсотгадовым добрасуседскім стасункам паміж народамі цяперашніх Беларусі і Літоўскай Рэспублікі”. 

Рада БНР нагадала, што ВКЛ “было ўтворана, будавалася і існавала як вынік шчыльнага ўзаемадзеяння балцкіх, усходнеславянскіх і заходнеславянскіх культур і народаў”. “Спробы аспрэчыць права любога з нашых народаў называць сябе спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага і лічыць гістарычную Літву сваёй дзяржавай з’яўляюцца гістарычна беспадстаўнымі і заведама дэструктыўнымі”, — падкрэсліваецца ў звароце. 

“Пазітыўным прыкладам мірнага і добрасуседскага абыходжання з агульнай гісторыяй” Рада назвала сумеснае перапахаванне астанкаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, якое было “выдатна праведзена ўладамі Літоўскай Рэспублікі ў 2019 годзе” і дзе прысутнічалі прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Беларусі”. 

Рада БНР перасцерагла палітыкаў і лідэраў грамадскай думкі Беларусі і Літвы ад “агрэсіўнай і дэструктыўнай узаемнай рыторыкі пры абмеркаванні тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага”, каб гэта не стала “інструментам маніпуляцый і правакацый з боку нашых агульных ворагаў”. 

Заява таксама змяшчае заклік да гісторыкаў дзвюх краін фарміраваць “узважаны погляд на складаную і шматгранную гісторыю ВКЛ”. 

19 жніўня дэпутат літоўскага сейма Лаўрынас Кашчунас заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны занепакоіцца ў сувязі з праявамі “літвінізму” з боку іх суайчыннікаў. Верагодна, ён меў на ўвазе пачасціўшыяся публікацыі ў сацсетках, у асноўным ананімных карыстальнікаў, у якіх спадчына ВКЛ называецца выключна беларускай і заяўляецца гістарычнае права Беларусі на частку тэрыторыі цяперашняй Літвы. 

“Мы павінны дакладна правесці пэўныя чырвоныя лініі. Я не кажу, што гэта (літвінізм) з’яўляецца нейкай палітычнай праграмай, накіраванай супраць нас. Не — мы чуем і прадстаўнікоў апазіцыі, якія ад яе дыстанцуюцца. Але нягледзячы на гэта, усё больш з’яўляецца тых, хто зараз пра гэта гаворыць”, — сказаў Кашчунас. 

14 жніўня лідар беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ў звароце да Літвы заявіла, што беларусы не маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў.

Падзяліцца: