Мінск 16:03

У чэрвені Нацбанк можа знізіць стаўку рэфінансавання на 0,25–0,5 працэнтнага пункта

Архіўнае фота: soyuz.by

7 траўня, Позірк. На пасяджэнні праўлення ў чэрвені 2026 года Нацыянальны банк можа прыняць рашэнне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання, вынікае з заявы начальніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу НБ Дзмітрыя Мурына.

“Цяпер заўчасна казаць, але, хутчэй за ўсё, будзе разглядацца варыянт зніжэння яе на 0,25–0,5 працэнтнага пункта”, — адзначыў прадстаўнік рэгулятара 7 траўня пасля пашыранага пасяджэння праўлення, на якім абмяркоўваліся вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў першым квартале.

Паводле яго слоў, такая мера надала б “дадатковы імпульс для зніжэння працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку”.

На гэтым пасяджэнні кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка адзначыў, што ў Беларусі назіраецца “добрая, пазітыўная дынаміка па інфляцыі”.

“Попыт на крэдытныя рэсурсы з боку насельніцтва і эканомікі задавальняецца ў поўным аб’ёме. Інфляцыя запавольваецца, яе дынаміка ў гадавым выражэнні складваецца ніжэй за траекторыю мэтавай”, — заявіў чыноўнік.

Галоўчанка падкрэсліў, што аператыўныя даныя за красавік “пацвярджаюць устойлівасць трэнду да далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў”: “І маюцца усё ж перадумовы да таго, што агульная інфляцыя да канца года складзецца ніжэй за мэтавы параметр, які складае не больш як 7%”.

Разам з тым, адзначыў кіраўнік рэгулятара, назіраецца “пэўнае запаволенне ў асобных макраэканамічных паказчыках”, “траекторыя знаходзіцца ніжэй за прагнозныя ўзроўні: ВУП знізіўся на 0,4%, інвестыцыі ў асноўны капітал — на 3%”.

“Нацбанк у большай ступені непакоіць адмоўная дынаміка інвестыцый у асноўны капітал і зніжэнне долі інвестыцый у ВУП. Пры гэтым банкі, дакладней банкаўскія крэдыты — гэта адзіная крыніца, якая зрабіла дадатны ўнёсак у прырост інвестыцый у асноўны капітал. Найбольшае ж зніжэнне прадэманстравалі ўласныя сродкі арганізацыі”, — паведаміў ён.

25 чэрвеня 2025 года Нацбанк падвысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых.

Спажывецкія цэны ў сакавіку 2026 года выраслі на 0,6%, ад пачатку года — на 1,6%, у гадавым выражэнні (да сакавіка 2025-га) — на 5,4%.

Нацыянальны банк робіць усё неабходнае, каб інфляцыя заставалася ў рамках вызначанага на 2026 год паказчыка, і пакуль сітуацыя развіваецца “нават крыху лепш за прагнозы”, заявіў журналістам Галоўчанка 4 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць).

Чыноўнік канстатаваў, што ў свеце “шмат усялякіх рэчаў адбываецца”, таму “цяжка прадбачыць, як усё будзе” далей, але “агулам пакуль дынаміка пазітыўная”.

“Калі яна замацуецца па выніках першага квартала і нашыя апераджальныя інструменты, апераджальныя індыкатары будуць паказваць доўгатэрміновасць гэтай тэндэнцыі, то я не выключаю, што мы разгледзім і пытанне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання, што, адпаведна, пазітыўна адаб’ецца таксама на стаўках на крэдытным і дэпазітным рынку”, — паведаміў кіраўнік рэгулятара.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не меліся вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не мае перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не мусілі вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце 0,5%), у лютым (з нарастальным вынікам) — не больш за 2% (1%), сакавіку — 2,5% (1,6%).

Далей: красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, паводле вынікаў штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: