Мінск 11:37

Лукашэнка прызначыў Чабатара міністрам эканомікі (дапоўнена)

Юрый Чабатар
Фота: Прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

4 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня прызначыў Юрыя Чабатара міністрам эканомікі. З 25 чэрвеня 2020 года ён працаваў першым намеснікам кіраўніка гэтага ведамства.

Дапаўненне.

Чабатар нарадзіўся ў Мінску ў 1979 годзе, у 2002-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2008-м — Акадэмію кіравання. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі знаходзіўся ў структуры эканамічнага ведамства, працаваў на розных пасадах.

Пасада міністра эканомікі пуставала з 20 лістапада 2023 года, калі ранейшы кіраўнік ведамства Аляксандр Чарвякоў быў прызначаны паслом у Кітаі.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе пра іншыя кадравыя рашэнні, прынятыя 4 снежня.

Паслом у Індыі прызначаны Міхаіл Касько, памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Віцебскай вобласці — Сяргей Ляўковіч, суддзёй Эканамічнага суда СНД — Таццяна Мікаленка, начальнікам упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аб’яднанага штаба АДКБ — Ігар Залатар.

Таксама Лукашэнка адобрыў прызначэнні Сяргея Ягорава — старшынёй Віцебскага райвыканкама, Паўла Губко — старшынёй Маладзечанскага райвыканкама (Мінская вобласць), Сяргея Бабовіча — генеральным дырэктарам РУП “Беларуская атамная электрастанцыя”, Валерыя Вярэніча — першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый, Віталя Ядзевіча — членам Магілёўскага аблвыканкама, Сяргея Зайцава — начальнікам упраўлення праблем ваеннай бяспекі Сакратарыяту АДКБ.

Падзяліцца: