Мінск 15:22

Беларускі святар Наздрын, які перайшоў у Польскую царкву, пачаў служэнне ў Падляскім ваяводстве

Фота: сайт Гродзенскай епархіі

24 студзеня, Позірк. Беларускі святар Андрэй Наздрын, які перайшоў пад юрысдыкцыю Польскай праваслаўнай царквы, пачаў служэнне ў вёсцы Малешэ і горадзе Браньск (Падляскае ваяводства).

“Пачынаючы з гэтай нядзелі ўжо буду служыць у храмах напераменку па нядзелях і на святы, — паведаміў ён на сваёй старонцы ў “Інстаграме”. — Буду па-ранейшаму служыць Богу і людзям. Мару, каб гэтыя храмы сталі месцам радасных сустрэч для малітвы і зносін як жыхароў гэтых мясцін, так і ўсіх тых, што былі вымушаны аказацца з розных прычын на чужыне. З Богам! Прашу вашых малітваў!”

Раней іерэй Наздрын быў клірыкам Гродзенскай епархіі. Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) дазволіў яму перайсці ў Польскую царкву 27 снежня 2023 года. Праз некалькі дзён святар паведаміў, што ўжо знаходзіцца ў Польшчы.

За час грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі іерэй Андрэй Наздрын некалькі разоў пацярпеў праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

4 кастрычніка 2023 года суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў яго на 15 базавых велічыняў (555 рублёў) паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і пастанавіў канфіскаваць тэлефон. Адміністрацыйнаму працэсу ў дачыненні да святара папярэднічаў ананімны данос — нехта звярнуў увагу міліцыі, што Наздрын падпісаны ў “Інстаграме” на прызнаны “экстрэмісцкім” акаўнт гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча.

Летась Наздрын, на той момант настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне, адкрыта асудзіў развязаную Расіяй вайну ва Украіне. Напрыканцы красавіка 2022-га стала вядома, што на святара данесла ў міліцыю прыхільніца “русского мира” (“рускага свету”), гродзенская актывістка Вольга Бондарава. Міліцэйская праверка парушэнняў не выявіла, але сілавікі правялі з Наздрыным “прафілактычную гутарку” аб “недапушчальнасці здзяйснення экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў”.

Акрамя таго, 18 траўня архіепіскап Антоній сваім указам зняў святара з пасады настаяцеля гродзенскага храма, а таксама кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па справах фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі. Пасля той быў пераведзены ў Коматава.

Паводле “Хрысціянскай візіі”, Наздрын быў адным з тых, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў улетку 2020 года і пазней. “Яго галоўны мэсэдж у кантэксце палітычнага крызісу, быў мэсэджам любові, якую ён прапаноўваў супрацьпаставіць нянавісці, каб дабіцца свабоднай, незалежнай, шчаслівай, праўдзівай Беларусі”, — адзначала ініцыятыва летась увесну.

У красавіку 2023 года стала вядома, што святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой, якія пакінулі Беларусь праз пераслед уладаў у сувязі з пазіцыяй па ўнутрыпалітычным крызісе і расійскай агрэсіі ва Украіне, прынятыя ў Канстанцінопальскую праваслаўную царкву. У Вільнюсе яны заснавалі беларускі прыход Сусветнага патрыярхату. У адрозненне ад сітуацыі з Наздрыным, які атрымаў добраслаўленне на пераход у іншую памесную царкву, епіскапат Беларускага экзархата РПЦ абвясціў, што Кухце і Рою забаронена служыць, паколькі яны “самавольна пакінулі” свае прыходы і выйшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата без адпускных грамат.

Падзяліцца: