Мінск 05:57

У ЗША беларуса могуць асудзіць на доўгі тэрмін паводле абвінавачання ў кібезлачынстве і адмыванні грошай

Фота: unsplash.com / Towfiqu Barbhuiya

2 лютага, Позірк. 42-гадоваму грамадзяніну Беларусі і Кіпра Аляксандру Кліменку выстаўленае абвінавачанне ў “злачыннай змове з мэтай адмывання грошай і вядзенні неліцэнзаванага бізнесу па аказанні грашовых паслуг”, паведаміла 1 лютага Міністэрства юстыцыі ЗША.

Мужчыну арыштавалі ў Латвіі 21 снежня 2023 года на запыт ЗША, ён ужо выдадзены амерыканскаму боку. Яму пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Сцвярджаецца, што з 2011 па ліпень 2017 года Кліменка разам з грамадзянінам Расіі Аляксандрам Віннікам і іншымі асобамі нібыта кантраляваў біржу лічбавых валют BTC-e, а таксама, як мяркуецца, кампанію па ажыццяўленні тэхналагічных паслуг Soft-FX і фінансавую кампанію FX Open.

Паведамляецца, што BTC-e была буйной структурай, якая займалася “кіберзлачыннасцю і адмываннем грошай у інтэрнэце”, дазваляла сваім карыстальнікам “гандляваць біткоінам з высокім узроўнем ананімнасці”. Арганізацыя “стварыла кліенцкую базу, якая ў значнай ступені залежыла ад злачыннай дзейнасці”. Гэтая база, “меркавана, выкарыстоўвалася для садзейнічання злачынствам, пачынаючы ад камп’ютарных узломаў і заканчваючы махлярствам, крадзяжом асабістых звестак, схемамі вяртання падаткаў, дзяржаўнай карупцыяй і незаконным абаротам наркотыкаў”.

BTC-e і яе аператары для рэалізацыі сваіх схем, верагодна, выкарыстоўвалі ў тым ліку серверы, размешчаныя ў ЗША. Яны “былі арандаваныя і абслугоўваліся Кліменкам і кампаніяй Soft-FX”.

Паводле інфармацыі bits.media, біржа ВТС мае расійскія карані.

Падзяліцца: