Мінск 21:06

Афіцыйная яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання выявілася рэкорднай

Фота: БелТА

20 лютага, Позірк. Афіцыйная яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах-2024 выявілася рэкорднай для выбарчых кампаній у Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз ранейшых даных Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Паводле сцвярджэння ЦВК, 20 лютага на ўчасткі прыйшло 5,94% грамадзян, якія маюць права голасу на цяперашніх выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Для параўнання: яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання на папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2019 годзе, згодна з інфармацыяй ЦВК, склала 4,69%, у 2016 годзе — 3,92%, у 2012-м — 3%, у 2008-м — 2,7%, у 2004-м — 2,68%.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ЦВК называў лічбу 4,98%, 2015-га — 4,49%, 2010-га — 3,4%, 2006-га — 3%, 2001-га — 2,3%.

Апошнія дзесяцігоддзі ўсе працэсы пад назвай “выбары” суправаджаюцца настойлівымі заклікамі (непублічна — патрабаваннямі, асабліва на адрас студэнтаў) галасаваць датэрмінова. Незалежныя назіральнікі бачылі ў гэтым магчымасць для ўлады маніпуляваць галасамі выбаршчыкаў.

Да цяперашніх выбараў дапушчаныя толькі лаяльныя рэжыму кандыдаты. Сотні тысяч актыўных грамадзян у 2020-м і наступныя гады з’ехалі з краіны, ратуючыся ад рэпрэсій, тысячы апанентаў улады сядзяць у турмах.

У 2022 годзе на канстытуцыйным рэферэндуме яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання была вышэйшай, чым на цяперашніх выбарах, — 6,19%.

Згодна з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса (2023 года), парог яўкі на парламенцкіх выбарах адсутнічае. Раней ён складаў 50%. Да гэтага парога яўкі не было толькі на мясцовых выбарах. Упершыню не праводзіцца галасаванне за мяжой. Тым, хто пражывае за мяжой, прапануецца аддаць свой голас у Мінску, дзе для гэтага выдзелены адзін участак. У 2020 годзе беларусы замежжа актыўна галасавалі супраць Лукашэнкі, а цяпер за мяжой актыўна дзейнічаюць дыяспары, створаныя новымі палітэмігрантамі.

Офіс дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай заклікаў суайчыннікаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, не ісці галасаваць.

Гл. падрабязней:

У адзіны дзень галасавання дэмсілы правядуць у “Ютубе” марафон “Выбіраю новую Беларусь!” (дапоўнена)

Падзяліцца: