Мінск 13:00

У Беларусі вырашана стварыць сістэму рэсурсных рэзерваў на выпадак надзвычайных сітуацый

Фота носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: akchabar.kg

24 кастрычніка, Позірк. Рэспубліканскі рэзерв матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару ствараецца ў Беларусі ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў № 723 ад 23 кастрычніка.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 24 кастрычніка, на рэспубліканскім узроўні ў гэту сістэму ўваходзіць рэзерв урада ў складзе дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву, галіновым — рэзервы падпарадкаваных Савету міністраў органаў дзяржкіравання і арганізацый, тэрытарыяльным — рэзервы мясцовых уладаў, аб’ектавым — рэзервы арганізацый, адказных за абарону насельніцтва ад НС.

Галіновыя “падсістэмы <…> папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый” ствараюцца ў 11 міністэрствах — аховы здароўя, энергетыкі, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, архітэктуры і будаўніцтва, транспарту і камунікацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Такія ж падсістэмы павінны быць у Дзяржаўным мытным камітэце, “Белкаапсаюзе”, канцэрнах “Белнафтахім”, “Белдзяржхарчпрам”, “Беллегпрам” і “Беллеспаперапрам”.

Рэспубліканскі рэзерв, згодна з дакументам, фармуецца “загадзя ў мэтах экстранага прыцягнення неабходных рэсурсаў” на выпадак узнікнення НС, для ліквідацыі іх наступстваў, забеспячэння “ўмоў жыццядзейнасці людзей”, “аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ”.

Гэты рэзерв уключае “запасы харчоў, будаўнічых матэрыялаў, нафтапрадуктаў, сродкаў забеспячэння жыццядзейнасці, іншых матэрыяльных каштоўнасцей”. Выкарыстоўваць яго рэсурсы можна на даручэнне прэм’ер-міністра і толькі] “у выпадку недастатковасці галіновых і тэрытарыяльных рэзерваў матэрыяльных рэсурсаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацый”.

Падзяліцца: