Мінск 13:09

Мінэнерга заявіла пра цікавасць Венгрыі да беларускага вопыту будаўніцтва АЭС

Фота: прэс-служба Мінэнерга

25 сакавіка, Позірк. Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта падчас праведзенай 25 сакавіка сустрэчы з міністрам энергетыкі Беларусі Віктарам Каранкевічам на палях міжнароднага форуму “Атамэкспа” ў Сочы (РФ) “адзначыў высокі ўзровень рэалізацыі праекта па будаўніцтве БелАЭС і выказаў зацікаўленасць венгерскага боку ў вывучэнні назапашанага нашай краінай вопыту і кампетэнцый”, паведамляе прэс-служба беларускага энергетычнага ведамства.

Адзначаецца, што на сустрэчы бакі абмеркавалі “перспектывы абмену вопытам у пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, падрыхтоўкі кадраў, кіравання і абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам”. Таксама “гаворка ішла аб магчымасцях прыцягнення беларускіх спецыялістаў да рэалізацыі праекта АЭС “Пакш-2″ у Венгрыі”.

Умовы двухбаковага ўзаемадзеяння прапрацоўваюцца на ўзроўні “сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве ў сферы атамнай энергетыкі”, гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга. “Фактычна сфарміраваная дадатковая пляцоўка, на якой беларускія і венгерскія спецыялісты змогуць абменьвацца станоўчымі практыкамі ў галіне развіцця ядзерна-энергетычнай інфраструктуры”, — заявіў па выніках сустрэчы Каранкевіч.

У ліпені мінулага года амбасадар Беларусі ў Венгрыі Уладзімір Улаховіч заяўляў, што Беларусь разлічвае на ўдзел у будаўніцтве АЭС у Венгрыі, якой былі перададзеныя адпаведныя прапановы.

АЭС будзе ўзводзіцца па расійскім праекце, удакладніў ён: “Венгрыі ўдалося вырашыць пытанне з працягам развіцця сваёй атамнай станцыі, яны змаглі дамовіцца з Еўрапейскай камісіяй. Фактычна прынятая пастанова, што “Расатам” прадоўжыць будаўніцтва аб’екта “Пакш-2″. Будзе ўжыты такі ж рэактар, які працуе на беларускай станцыі. Гэта значыць, што адкрываюцца магчымасці ўзаемадзеяння і ў гэтым сектары”.

Паводле слоў Улаховіча, у венгерскага боку “ёсць попыт і на будаўнікоў, і на інжынераў з Беларусі, але пакуль рэальная толькі праца экспертнай групы”.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як сябра ЕС яна была вымушаная далучыцца да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

У кастрычніку 2023 года Сіярта ўдзельнічаў у канферэнцыі “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” ў Мінску. Таксама ён наведваў Беларусь у лютым мінулага года. У тым жа месяцы была падпісаная праграма супрацоўніцтва паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін на 2023 год, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс мер па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

У канцы верасня мінулага года Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага пасла Венгрыі ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Венгрыя з’яўляецца адзінай краінай ЕС, пасол якой уручыў граматы Лукашэнку пасля падзей 2020 года.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 мая 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: