Мінск 09:28

БЧ абмеркавала з “Кітайскімі чыгункамі” транзіт грузаў у ЕС

Крыніца: БЧ

3 красавіка, Позірк. Перавозку грузаў кантэйнернымі цягнікамі абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску 3 красавіка начальнік Беларускай чыгункі (БЧ) Уладзімір Марозаў і намеснік галоўнага інжынера дзяржкарпарацыі “Кітайскія чыгункі” Цзюй Гацзян.

Як паведамляецца на сайце БЧ, сустрэча прайшла ў рамках візіту ў Беларусь кітайскай дэлегацыі для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі “2024. Чыгуначная лагістыка: актуальныя задачы развіцця”.

“У ходзе сустрэчы абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння па арганізацыі перавозак грузаў <…> у рамках кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” па маршрутах Кітай — Заходняя Еўропа — Кітай транзітам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і Кітай — Беларусь — Кітай”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Асаблівую ўвагу”, як заяўляецца, бакі надалі “праведзенай працы, накіраванай на стварэнне неабходных умоў для далейшай рэалізацыі праектаў па дастаўцы прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў сухапутнымі маршрутамі ў Кітай”.

Таксама абмяркоўвалася “павышэнне прапускной здольнасці чыгуначнай інфраструктуры на шляху руху кантэйнерных цягнікоў”.

Частка дэмакратычных сіл выступае за блакаванне перамяшчэння грузаў праз Беларусь у Еўрасаюз.

7 сакавіка 2023 года намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуўся да ўладаў і палітыкаў ЕС з просьбай падтрымаць беларускіх палітвязняў “канкрэтнымі і рашучымі дзеяннямі”.

Ён прапанаваў увесці “максімальна жорсткія санкцыі” супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і гарманізаваць іх з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расіі. Сярод іншага палітык заклікаў цалкам закрыць для ўладаў у Мінску грузавыя зносіны з ЕС.

Падзяліцца: