Мінск 03:44

BEROC: У 2024 годзе рост ВУП замарудзіцца да 1,6%

25 кастрычніка, Позірк. Прырост ВУП замарудзіцца з чаканых 3,9% у 2023 годзе да 1,6% у 2024 годзе нават пры захаванні настроеных лагістычных ланцужкоў і “палітычнага курсу на ўсебаковую падтрымку эканамічнай актыўнасці”, адзначаецца ў макраэканамічным прагнозе даследчага цэнтра BEROC на 2024 год.

Эксперты адзначаюць, што ВУП па выніках бягучага года можа наблізіцца да 4% “за кошт залішне мяккай эканамічнай палітыкі і падтрымкі з боку Расіі”.

“Манетарныя і фіскальныя стымулы будуць аказваць усё меншы ўплыў на выпуск і большы на павышэнне коштаў. У выніку рост унутранага попыту моцна замарудзіцца, а ў яго задавальненні пры адсутнасці празмернага дырэктыўнага ўмяшання ўладаў усё большую значнасць будзе адыгрываць імпарт, а не ўнутраная вытворчасць”, — гаворыцца ў прагнозе.

Аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што “дынаміка спажывецкай актыўнасці будзе слабець, таму што адкладзены ў перыяд ваеннага шоку 2022 года попыт на тавары рэалізаваны, а нарошчванне спажывання паслуг хуткімі тэмпамі ўпіраецца ў абмежаванні на баку прапановы”.

“Інвестыцыйная актыўнасць у 2024 годзе працягне падтрымлівацца нярынкавымі інструментамі і мяккімі грашова-крэдытнымі ўмовамі. Аднак імпульс да росту, пры іншых роўных, будзе згасаць ва ўмовах дэфіцыту працоўных рэсурсаў і неспрыяльнага бізнэс-клімату”, — гаворыцца ў прагнозе.

Эксперты таксама прагназуюць, што дынаміка экспарту ў 2024 годзе “істотна аслабне”.

Гл. таксама:

Урад чакае росту ВУП па выніках года на 3,8%

ВУП Беларусі ў 2024 годзе павінен вырасці на 3,8%, інфляцыя — не перавысіць 6% — указ Лукашэнкі

Падзяліцца: