Мінск 04:09

Лукашэнка зноў заявіў, што гатовы быць пасярэднікам паміж Масквой і Кіевам

Украінска-расійскія перамовы ў Беларусі ў сакавіку 2022 года
Архіўнае фота: ТАСС

11 красавіка, Позірк. У выпадку неабходнасці Мінск “гатовы аказаць дапамогу” ў арганізацыі дыялогу паміж Масквой і Кіевам, заявіў журналістам 11 красавіка ў расійскай сталіцы Аляксандр Лукашэнка.

“Вы з імі (Расія з Украінай. – “Позірк”.) не размаўляеце і наўрад ці будзеце размаўляць, — падкрэсліў ён (на падставе відэафрагмента, апублікаванага расійскімі журналістамі). — Калі трэба ў гэтую размову ўклінавацца і дапамагчы, мы можам. Але імкнуцца вам туды з імі размаўляць я сэнсу не бачу. Навошта вам поўзаць перад некім і прасіцца пагаварыць?

На пытанне, ці патрэбная Беларусі на мяжы з Украінай “санітарная зона” па прыкладзе той, якую Пуцін прапанаваў стварыць у Белгарадскай і Курскай абласцях РФ, Лукашэнка адказаў: “Не патрэбная. <…> Мы там (на мяжы. — “Позірк”.) вельмі сур’ёзна працуем”.

“Цяпер Захад пачаў казаць пра перакідку ва Украіну сваіх вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, на мяжу з Беларуссю. Чакаем, няхай перакідваюць”, — заявіў ён.

Напярэдадні прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным плануецца абмеркаваць “тэматыку развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах, пытанні, якія патрабуюць разгляду на найвышэйшым узроўні”.

“У цэнтры ўвагі на перагаворах таксама будзе рэгіянальная і міжнародная абстаноўка, каардынацыя дзеянняў па рэагаванню на існыя выклікі і пагрозы”, — гаварылася ў паведамленні.

24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль. Нягледзячы на тое, што беларуская тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваліся для нападу, некалькі раундаў перамоваў паміж Масквой і Кіевам на пачатку вайны прайшлі менавіта ў Беларусі.

Падзяліцца: