Мінск 20:25

Беларусь не будзе лішняй у касмічнай праграме Расіі — Лукашэнка

Крыніца: pixabay.com

12 красавіка, Позірк. Беларусь і Расія будуць разам асвойваць космас, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 12 красавіка ў Маскве на пытанні журналістаў.

“Мы будзем не лішнімі ў праграме касмічнай імперыі Расіі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы вельмі задаволеныя, што будзем развіваць гэты высокатэхналагічны сектар эканомікі”.

Звярнуўшыся да эканомікі, ён анансаваў сустрэчу 15 красавіка прэм’ер-міністраў Беларусі і РФ.

“[Яны] абмяркуюць тры-чатыры пытанні ў дэталях. Да прыкладу, імпартазамяшчэнне, рух да роўных умоў суб’ектаў гаспадарання”, — так Лукашэнка патлумачыў, чаму напярэдадні ён і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін “не паглыбляліся” ў эканамічную тэматыку падчас двухбаковых перамоваў.

З візітам у Расію Лукашэнка прыбыў 11 красавіка. Яго суправаджае касманаўтка Марына Васілеўская.

12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, Пуцін узнагародзіў Васілеўскую ордэнам Гагарына.

На прэс-канферэнцыі 10 красавіка ў Мінску дырэктар прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Сяргей Залаты заявіў, што сёння Мінск і Масква выконваюць сумесную праграму па стварэнні групоўкі малых касмічных апаратаў (РФ — 2, Беларусь — 1) вагой 10–50 кг. “Гэтая групоўка будзе вырашаць задачы, звязаныя і з дыстанцыйным зандзіраваннем Зямлі, маніторынгам калязямной прасторы і іёнасферы”, — паведаміў ён.

Апараты будуць гатовыя да запуску ў 2026 годзе, адправіць іх на арбіту плануецца ў 2027-м.

Падзяліцца: