Мінск 17:29

Ціханоўская 29–30 красавіка наведае Нарвегію

Фота: unsplash.com / Drahomir Hugo Posteby-Mach

27 красавіка, Позірк. Сустрэчы з уладамі Нарвегіі запланаваныя падчас візіту беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Осла 29–30 красавіка, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.

29 красавіка дэмлідар сустрэнецца з прадстаўнікамі даследчых цэнтраў, грамадзянскай супольнасці і асобнымі журналістамі; правядзе перамовы з членамі парламенцкага камітэта па замежных справах і абароне, а затым — са спікерам Стортынга Масудам Гарахані. Запланаваная адкрытая сустрэча з Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам і беларускай дыяспарай у асобах членаў супольнасці Razam. Праграма завершыцца вячэрай, якую арганізуе намеснік міністра замежных спраў Эйвінд Вад Петэрсан.

У другі дзень візіту Ціханоўская правядзе перамовы з кіраўніком МЗС Эспенам Бартам Эйдэ, прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Сторэ, прадстаўнікамі парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, мэрам Осла Аннэ Ліндбу, генеральным дырэктарам Дэпартамента палітыкі бяспекі і Крайняй Поўначы ў МЗС, міністрам культуры Любнай Яферу. Дэмлідар таксама выступіць на канферэнцыі Words Matter!

Паводле слоў Вячоркі, гэта “доўгачаканы, запланаваны” візіт. З прадстаўнікамі нарвежскіх уладаў плануецца абмеркаваць пытанні “павелічэння фінансавання незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і беларускіх культурных ініцыятыў, падтрымкі для рэабілітацыі былых палітвязняў і дзяцей рэпрэсаваных”. “Нарвегія ўжо падтрымлівала сем’і рэпрэсаваных, палітвязняў, але мы зараз будзем казаць пра больш сістэмную праграму рэабілітацыі палітвязняў”, — адзначыў галоўны дарадца палітыка.

“Ну і дыпламатычны трэк — каб Нарвегія фармалізавала стасункі з дэмакратычнымі сіламі”, — дадаў ён, патлумачыўшы, што гаворка ў тым ліку пра сумесныя дзеянні ў міжнародных арганізацыях.

Нагадаўшы, што Нарвегія не ўваходзіць у Еўрасаюз, Вячорка падкрэсліў важнасць для дэмсіл таго, каб Осла “сінхранізаваў з ЕС і ЗША стратэгію па пытанні санкцый, прыцягнення рэжыму да адказнасці”.

На сустрэчы з уладамі, паводле яго слоў, таксама будуць абмяркоўвацца тэмы працы групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў нарвежскім парламенце; абмену інфармацыяй па пытаннях бяспекі і вайсковых пытаннях; падтрымкі беларускай дыяспары і легалізацыі.

“Нарвегія ўжо аказвае дапамогу — яна далучылася да міжнароднай платформы па зборы доказаў злачынстваў Лукашэнкі, кааліцыі “За дэмакратычную Беларусь” у АБСЕ. Нарвегія на афіцыйным узроўні змяніла назву “Белая Расія” на “Беларусь” (Hviterussland на Belarus. — “Позірк”.), падтрымала нас на міжнародным узроўні. Нарвегія вельмі цвёрда нас падтрымлівае з 2020 года, нават раней. Вельмі прынцыповыя, паслядоўныя, надзвычай важны кантакт і важны голас”, — падсумаваў Вячорка.

Падзяліцца:
be