Мінск 23:19

Лукашэнка, які працягвае масавыя рэпрэсіі, заявіў на Вялікдзень пра “вечныя ідэалы даравання”

Крыніца: toptver.ru

5 траўня, Позірк. Свята Уваскрасення Хрыстова “ўвасабляе трыумф жыцця над смерцю, перамогу дабра над злом, пакоры і самаахвярнасці над усёдазволенасцю і эгаізмам”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 мая вернікаў з праваслаўным Вялікаднем.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, “святло велікодных дзён нагадвае пра вечныя евангельскія ідэалы даравання і спагады, любові і клопату пра блізкіх”.

“Разам са Святым Хрыстовым Уваскрасеннем адраджаецца і прачынаецца вясна, сэрцы вернікаў напаўняюцца гармоніяй і спакоем, — гаворыцца ў віншаванні. — Сёння звон праваслаўнай царквы сімвалізуе панаванне на нашай зямлі сапраўдных каштоўнасцяў хрысціянства, якія збліжаюць пакаленні, выступаюць асновай адзінства беларускага народа”.

У віншаванні кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы Веніяміну Лукашэнка адзначыў, што вера з’яўляецца “неад’емнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны Беларусі”.

“Мудрасць і настаўніцтва” мітрапаліта, перакананы віншавальнік, надаюць “сілы тым, хто жыве ў нястачы ў суцяшэнні, лечаць душы людзей”.

Ён назваў службу Веньяміна “неацэнным унёскам” у развіццё грамадства, у “адстойванне і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў”.

У Беларусі амаль чатыры гады працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. Паводле звестак праваабаронцаў, на раніцу 5 траўня ў краіне 1.385 палітвязняў.

За першы квартал 2024 года ў Беларусі затрымана 987 чалавек (больш за ўсё ў студзені — 406), траціна з іх — жанчыны. У 65 ёсць непаўналетнія дзеці. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што прыведзеныя лічбы “могуць быць значна большымі”, бо не ўсе выпадкі рэпрэсій становяцца вядомымі.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 1.737 прыходаў у 15 епархіях, адкрыта 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва — 147.

Ціханоўская ў велікодным віншаванні зычыла беларусам "напоўніцца надзеяй"

31 сакавіка, Позірк. "Напоўніцца надзеяй, не падаць духам і штодзённа захоўваць у сабе святло і дабрыню" зычыла беларусам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды Вялікадня. Відэа віншавання апублікаванае 31 сакавіка ў тэлеграм-канале палітыка. "Гэтая надзея ў кожнага свая, — сказала …
Падзяліцца: