Мінск 01:05

У бацькоў лёгкаатлеткі Ціманоўскай праведзены ператрус — яна балатуецца ў КР

Крыніца: ByPol

23 траўня, Позірк. Супрацоўнікі Следчага камітэта правялі ператрус у бацькоў беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, паведаміла 23 траўня аб’яднанне былых сілавікоў ByPol.

Арганізацыя прыводзіць словы спартсменкі, якая просіць “падтрымкі і прыняцця мер у сусветнай асацыяцыі па лёгкай атлетыцы і спартыўных арганізацый”.

“У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сям’і. Звычайнай правінцыйнай сям’і, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарным, а мама — супрацоўнікам банка”, — адзначае Ціманоўская.

Паводле яе слоў, апошнія гады для сям’і “і так былі вельмі цяжкія — рак у мамы (дзякуй богу ўдалося вылечыць), інсульт у бацькі (цяпер ён інвалід)”.

“Ніхто не нясе адказнасць за мяне, акрамя мяне самой, і калі ў Следчага камітэта ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы”, — заявіла лёгкаатлетка.

Ціманоўская балатуецца на выбарах у Каардынацыйную раду, якія пройдуць 25–27 траўня, у складзе спісу “Закон і правапарадак”, узначаленага кіраўніком ByPol Аляксандрам Азаравым.

21 траўня стала вядома, што Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы супраць усіх удзельнікаў выбараў у КР.

Фігурантамі з’яўляюцца 257 чалавек, іх абвінавачваюць паводле арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару), 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

“Па ўстояным алгарытме, у рамках расследавання крымінальнай справы атрыманая інфармацыя аб аб’ектах нерухомасці, якая належыць ім, і маёмасці на тэрыторыі нашай краіны, — заявіў СК. — Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы”.

6 траўня КДБ прызнаў кааліцыю “Закон і правапарадак” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Ціманоўская, якая ўваходзіла ў беларускую зборную, атрымала шырокую вядомасць пасля скандалу на Алімпійскіх гульнях 2021 года ў Токіа. Трэнерскі склад запатрабаваў ад яе выступіць у дысцыпліне, якая разыходзілася з яе профілем. Ціманоўская адмовілася і вынесла праблему на публіку. Шырокай грамадскасці стала вядома пра канфлікт спартсменкі з намеснікам дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Артурам Шумаком і галоўным трэнерам па лёгкай атлетыцы Юрыем Майсевічам.

1 жніўня 2021 года Ціманоўскую спрабавалі прымусова адправіць на радзіму, аднак у аэрапорце Токіа яна звярнулася па дапамогу ў паліцыю. З Японіі яна вылецела ў Аўстрыю, а затым у Польшчу, дзе пражывае цяпер.

28 чэрвеня 2023 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў акт аб прыняцці яе ў грамадзянства.

5 траўня 2024 года Ціманоўская ў складзе зборнай Польшчы заваявала пуцёўку на Алімпійскіягульні, якія пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 года.

Падзяліцца:
be