Мінск 18:05

Польшча дапускае ўмацаванне мяжы з Беларуссю міннымі палямі

Крыніца: pixabay.com

28 траўня, Позірк. Польшча рыхтуецца замініраваць участкі мяжы з Беларуссю і Расіяй у рамках праграмы ўмацавання ўсходніх межаў “Шчыт Усход”, заявіў 27 траўня на прэс-канферэнцыі ў Варшаве начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага Веслаў Кукула.

Паводле яго слоў, вынікае з трансляцыі TVN24, мініраванне мяжы магчымае толькі ў тым выпадку, калі Варшава будзе “абсалютна ўпэўненая, што вайна непазбежная”.

З нагоды мініравання ўсходняй мяжы зрабіў заяву і экс-прэм’ер міністр Матэвуш Маравецкі, які адзначыў магчымасць скасавання Атаўскага дагавор аб забароне супрацьпяхотных мін.

Ён звярнуў увагу, што мінныя палі дапамаглі Расіі “вельмі эфектыўна” абараніцца падчас украінскага контрнаступлення, якое “замарудзілася, а дакладней, вельмі хутка заглухла”, нягледзячы на наяўнасць у Кіева ў той перыяд “падтрымкі ў пастаўках заходняй зброі і боепрыпасаў”.

“Шчыт Усход” з’яўляецца найбуйнейшай праграмай па ўмацаванні ўсходняй мяжы, пачынаючы з 1945 года, а таксама “стратэгічнай аперацыяй у імя бяспекі Польшчы”, заявіў на згаданай прэс-канферэнцыі міністр нацабароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Паводле яго слоў, праграма “ўзгадняецца з планамі НАТО па стрымліванні і абароне”, і Еўрасаюз “павінен прыняць фінансавы ўдзел у пабудове бяспекі”.

Задача праграмы, заявіў чыноўнік, заключаецца ў “перашкодзе перамяшчэнню войскаў праціўніка, палягчэнні перамяшчэння ўласных войскаў, абароне насельніцтва і забеспячэнні максімальнай бяспекі польскіх узброеных сіл”.

У сваю чаргу, намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык паведаміў, што праектам прадугледжана забеспячэнне бяспекі каля 700 км мяжы, у тым ліку 400 км мяжы з Беларуссю. Завяршыць гэты праект, паводле яго слоў, ваеннае ведамства плануе да 2028 года.

Першыя інвестыцыі ў праграму “Шчыт Усход”, дадаў намеснік міністра нацабароны, чакаюцца ў першым квартале 2025 года.

18 траўня ў Кракаве прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што ўрад Польшчы выдзяляе 10 млрд злотых (2,54 млрд долараў) у рамках новай праграмы “Шчыт Усход” на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй. “Мы ўжо пачалі працу, каб польская мяжа была бяспечнай у мірны час і непраходнай для ворага — у ваенны”, — заявіў кіраўнік урада.

Падзяліцца: