Мінск 10:42

РФ вярнула ў Беларусь 5,4 тыс. яек, якія везлі без дакументаў у бруднай машыне

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

21 чэрвеня, Позірк. 5,4 тыс. харчовых курыных яек вярнула ў Беларусь упраўленне Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Калужскай і Смаленскай абласцях, вынікае з паведамлення ведамства.

Сцвярджаецца, што груз “перавозіўся без неабходных ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць яго паходжанне, якасць і бяспеку, у аўтатранспартным сродку, які знаходзіцца ў нездавальняючым санітарным стане”.

Прадукцыю вярнулі ў Беларусь “пасля завяршэння разбіральніцтва”, уладальніка грузу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

17 чэрвеня Рассельгаснагляд адсправаздачыўся, што з пачатку 2024 года з Беларусі ў Расію было пастаўлена 332,6 млн курыных яек — у 2,5 раза больш за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

У 2023 годзе ў Расію было пастаўлена 510,8 млн курыных яек беларускай вытворчасці.

Па выніках чатырох месяцаў 2024 года Беларусь заняла першае месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў гадавым вымярэнні (да студзеня — красавіка 2023-га), сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У вытворчасці яек у аб’яднанні адзначана падзенне на 0,8%. У Беларусі, Кыргызстане і Казахстане яно вырасла на 19% (1 млрд 202 млн адз.), 0,7% (218,5 млн адз.) і 0,8% (1 млрд 446,2 млн адз.) адпаведна; у Расіі знізілася на 2,4% (14 млрд 651,6 млн адз.).

Падзяліцца: