Мінск 07:22

Двое пасажыраў маршруткі ў бальніцы пасля аварыі ў Маладзечанскім раёне

Фота: УУС Мінаблвыканкама

25 чэрвеня, Позірк. Двух пасажыраў маршрутнага таксі даставілі ў бальніцу для агляду пасля аварыі ў Маладзечанскім раёне, вынікае з інфармацыі УУС Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Паводле звестак міліцыі, 25 чэрвеня каля 7:00 на 66-м кіламетры трасы Р28 (Мінск — Маладзечна) 62-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля “Фальксваген Гольф” выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з мікрааўтобусам “Мэрсэдэс”. Мяркуючы з апублікаваных кадраў, ад сутыкнення маршрутка вылецела на абочыну і перавярнулася.

Пасажырам мікрааўтобуса — за выключэннем дваіх шпіталізаваных — дапамогу аказалі на месцы.

На пачатку чэрвеня МУС паведаміла, што ў 2024 годзе адбылося больш за 30 аварый з удзелам маршрутак, пацярпела не менш як 60 чалавек.

20 лютага 2023 года адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля “МАЗ” з маршруткай на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы — Шацк), у выніку чаго загінула 13 чалавек, у тым ліку дзеці.

Пасля таго ДТЗ транспартная інспекцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспекцыя пачалі правяраць выкананне ў маршрутных таксі правілаў перавозкі і бяспекі пасажыраў. Пазней кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што ў дзейнасці перавозчыкаў выяўленыя “пэўныя парушэнні”, у сувязі з чым міністэрства ініцыявала змены правілаў перавозкі пасажыраў.

Падзяліцца: