Мінск 10:32

Круты ўзначаліў адміністрацыю Лукашэнкі, Рыжанкоў змяніў Алейніка ў МЗС (дапоўнена)

Дзмітрый Круты
Крыніца: тэлеграм-канал амбасады Беларусі ў РФ

27 чэрвеня, Позірк. Шэраг прызначэнняў на высокія дзяржаўныя пасады зрабіў 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы “Пул Першага”.

Новым кіраўніком сваёй адміністрацыі Лукашэнка прызначыў 43-гадовага Дзмітрыя Крутога, які з 1 жніўня 2022 года кіраваў амбасадай Беларусі ў РФ.

З чэрвеня 2020 года і да пераходу на дыпламатычную службу ён працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Ад пасады міністра замежных спраў пасля паўтара года працы вызвалены Сяргей Алейнік. Замест яго МЗС узначаліў 52-гадовы Максім Рыжанкоў. Са снежня 2016 года ён быў першым намеснікам адміністрацыі Лукашэнкі.

У 2003–2006 гадах Рыжанкоў працаваў у структурах МЗС.

Першым намеснікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі замест Рыжанкова прызначаная 51-гадовая Наталля Пяткевіч. Гэтую ж пасаду яна займала ў 2009–2010 гадах, пасля чаго стала памочнікам Лукашэнкі. У 2001-2004 гадах працавала яго прэс-сакратаром.

Пакінула дзяржслужбу ў 2014-м.

Паведамлялася, што пазней Пяткевіч выйшла замуж за пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова, і, нягледзячы на ўведзеныя ў яе дачыненні санкцыі ЗША, пражывала ў гэтай краіне.

Віцэ-прэм’ерам па пытаннях аграпрамысловага комплексу Лукашэнка прызначыў Юрыя Шулейка — да гэтага ён узначальваў Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт.

Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Анатоль Ліневіч (раней — першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама). Гэтую пасаду пакінуў Сяргей Барташ, які не прапрацаваў і года (прызначаны 8 жніўня 2023-га).

Таксама Лукашэнка прызначыў новага міністра прамысловасці, ім стаў Аляксандр Яфімаў (да гэтага намеснік кіраўнік гэтага ведамства). Ён змяніў Аляксандра Рагожніка, які ўзначальваў ведамства з кастрычніка 2022-га.

Рагожнік у сваю чаргу пераведзены на дыпламатычную працу — замест Крутога стаў на чале амбасады Беларусі ў РФ.

Памочнікам Лукашэнкі па Мінску будзе Юрый Фралоў (раней начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску КДК).

Падзяліцца: