Мінск 11:44

Урад РФ ухваліў змены ў пагадненне з Беларуссю аб рэгіянальнай бяспецы ў ваеннай сферы

Фота: Мінабароны Беларусі

1 лістапада, Позірк. Кабінет міністраў Расіі адобрыў падпісаны ў Мінску ў снежні 2022 года Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне з Беларуссю аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы, паведамляе прававы партал РФ.

Пастановай урада РФ ад 31 кастрычніка № 1.828 вырашана прадставіць пратакол прэзідэнту Расіі для ўнясення яго на ратыфікацыю ў Дзярждуму.

Аляксандр Лукашэнка адобрыў пратакол, падпісаўшы закон нумар 272-З, якім ратыфікуюцца папраўкі ў пагадненне аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы ад 19 снежня 1997 года.

Дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале 29 чэрвеня. Палата прадстаўнікоў прыняла гэты закон 31 траўня, Савет Рэспублікі — ухваліў 14 чэрвеня.

Прэс-служба Міністэрства абароны тлумачыла, што пратакол падпісаны “ў мэтах удасканалення нарматыўнай прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў ваеннай сферы”. Ім удакладняецца “паняційны апарат, парадак планавання і фінансавання сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў”.

Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і РФ пачала фарміравацца на беларускай тэрыторыі ў кастрычніку мінулага года, афіцыйна — у сувязі з “абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы”.

Падзяліцца: