Мінск 11:50

Долар, еўра і юань патаннелі на першых біржавых таргах жніўня

Ілюстратыўнае фота: unsplash.com / JustStartInvesting

1 жніўня, Позірк. Амерыканская, адзіная еўрапейская і кітайская валюта патаннелі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 1 жніўня.

Курс долара знізіўся да 3,1253 рубля (-0,0024, -0,08%), еўра — да 3,385 рубля (-0,03, -0,88%), юаня — да 4,3048 за 10 (-0,0009, -0,02%).

Расійскі рубель падаражэў да 3,6038 за 100 (0,0033, 0,09%).

На мінулым працоўным тыдні (22–26 ліпеня) курс долара знізіўся на 1,76% (з 3,171 да 3,1151), юаня — на 1,44% (з 4,3701 да 4,3082 за 10), еўра — на 2,73% (з 3,452 да 3,3577), каціроўка расійскага рубля вырасла на 0,4% (з 3,5926 да 3,6071 за 100).

Да канца гэтага года ёсць “прастора для ўмеранага паслаблення нацыянальнай валюты” — з улікам “залішняга попыту ў эканоміцы, а таксама сальда знешняга гандлю, якое боўтаецца каля нуля” (па выніках студзеня — траўня склала -502,5 млн долараў — у 2,5 раза больш, чым было годам раней), заявіў старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 22 ліпеня.

Згодна з базавым прагнозам, сказаў эксперт, аслабленне беларускага рубля да кошыка замежных валют складзе каля 4% (чацвёрты квартал 2024-га да чацвёртага квартала 2023-га).

Афіцыйны курс долара ў Беларусі ў студзені знізіўся на 0,01% (з 3,1775 да 3,1771 рубля) — гэта быў шосты паказчык на тэрыторыі былога СССР; у лютым — вырас на 1,95% (да 3,2391) — другое месца пасля Расіі (2,89%), за два месяцы – на 1,94% (шостае месца); у сакавіку — на 0,33% (да 3,2498) — пятае месца, за тры месяцы — на 2,28% (трэцяе); у красавіку — на 0,14% (да 3,2542) — шостае месца, за чатыры месяцы — на 2,41%; у траўні знізіўся на 1,48% (да 3,2059) — трэцяе месца, за пяць месяцаў вырас на 0,89% (восьмае). У чэрвені долар патаннеў на 1,36% (да 3,1624) — трэцяе месца, па выніках першага паўгоддзя — на 0,48% (пятае месца); у ліпені — на 0,87% (да 3,1349) — сёмае месца, за сем месяцаў — на 1,34% (пятае).

За 2023 год каціроўка долара павялічылася на 16,12% (з 2,7364 да 3,1775 рубля). Гэта другі паказчык на постсавецкай прасторы, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2022 года і 31 снежня 2023-га. На першым месцы Расія — 27,51% (з 70,3375 да 89,6883 рубля).

Падзяліцца: