Мінск 02:01

Прадстаўнік АПК Кабанчук: З 2015 года ва Украіне загінула больш за 60 беларускіх добраахвотнікаў

Вадзім Кабанчук
Фота: АПК

4 жніўня, Позірк. Пачынаючы з 2015 года “у місіях, задачах, баявых аперацыях па абароне незалежнасці Украіны” загінула больш за 60 беларускіх добраахвотнікаў, паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы, былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук 4 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільнюсе.

Паводле сцвярджэння Андрэя Кушнярова, прадстаўленага як дзейны добраахвотнік, “1.300 прыкладна [беларусаў] ужо дэмабілізаваліся за перыяд з 2014 года (даныя на пачатак года)”.

“І прыкладна 350 чалавек у пачатку года ў нас служыла ў розных падраздзяленнях на тэрыторыі Украіны ў УСУ. Гэта прыкладныя крыху лічбы, але даюць агульнае ўяўленне”, — сказаў ён.

Кабанчук атрымаў новую пасаду напярэдадні. Раней яе займаў былы камандзір 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце Валерый Сахашчык.

26 ліпеня ён заявіў аб прыпыненні кантракта з Узброенымі сіламі Украіны.

7 ліпеня стала вядома аб прызначэнні выконваючым абавязкі камандзіра палка Паўла “Дзядзькі” Шурмея. Раней палком камандаваў Дзяніс “Кіт” Прохараў.

22 ліпеня ў тэлеграм-канале ПКК з’явілася заява аб тым, што полк “губляе традыцыйныя элементы самакіравання, якія мелі месца быць з самага пачатку яго стварэння”, новыя ўмовы “пазбавілі магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў”. Таксама было заяўлена аб нязгодзе з тым, каб лічыць Шурмея выконваючым абавязкі камандзіра.

У інтэрв’ю на ютуб-канале Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Шурмей заявіў, што рэформы ў палку, якія пачаліся некалькі месяцаў таму, накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасць і павялічыць фінансавую празрыстасць.

23 чэрвеня стала вядома, што Прохараў стварае грамадскі рух “Калінаўцы”.

Днём пазней у Кіеве прайшоў брыфінг яго заснавальнікаў. Кабанчук на ім заявіў, што новы рух рух ствараецца не ў адказ на канфлікт у палку, “ды і ў прынцыпе канфлікту як такога няма”.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК узбуджана крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога структуры або намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

Падзяліцца: