Мінск 04:59

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за ліпень выраслі на 2%

Крынтца: pixabay.com

7 жніўня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі (ЗВР) на 1 жніўня склалі 8 млрд 532 млн долараў, павялічыўшыся за месяц на 173,5 млн (+2,08%), вынікае з папярэдніх звестак Нацыянальнага банка.

Паводле звестак рэгулятара, аб’ём ЗВР у манетарным золаце вырас на 162,5 млн долараў (4 млрд 213,3 млн), кошт рэзерваў па спецыяльных правах запазычання (СДР) — на 16,5 млн (1 млрд 375,7 млн); актывы ў замежнай валюце сталі менш на 5,4 млн (2 млрд 942,9 млн).

Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн адпаведна.

У студзені золатавалютныя рэзервы скараціліся на 33,9 млн долараў (-0,4%), у лютым выраслі на 125,1 млн (+1,5%), у сакавіку — на 133,9 млн (+1,6%), у красавіку — на 89 млн (+1,1%), у траўні зменшыліся на 30,1 млн (-0,4%), у чэрвені — на 52,9 млн (-0,6%).

На 1 студзеня 2023 года ЗВР складалі 7 млрд 929,5 млн долараў, 1 лютага — 8 млрд 142,8 млн, 1 сакавіка — 7 млрд 769,5 млн, 1 красавіка — 8 млрд 98,6 млн, 1 траўня — 7 млрд 968,2 млн, 1 чэрвеня — 7 млрд 872,1 млн, 1 ліпеня — 7 млрд 791,5 млн, 1 жніўня — 7 млрд 973,5 млн, 1 верасня — 7 млрд 991,2 млн, 1 кастрычніка — 7 млрд 925 млн, 1 лістапада — 8 млрд 147,1 млн, 1 снежня — 8 млрд 255,6 млн.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны скласці не менш як 6 млрд долараў.

Падзяліцца: