У Беларусі пачалася раптоўная праверка войскаў
21 чэрвеня, Позірк. Раптоўная праверка гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей Узброеных сіл “да выканання задач па прызначэнні” пачалася 21 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
“Да праверкі прыцягваюцца вайсковыя часці і падраздзяленні аператыўных камандаванняў, сіл спецыяльных аперацый, ракетных войскаў і артылерыі, ВПС і войскаў СПА, — гаворыцца ў паведамленні. — На першым этапе будуць адпрацаваныя пытанні аператыўнага заняцця вызначаных раёнаў, падрыхтоўкі іх у інжынерным плане, арганізацыі аховы і абароны, заступлення на баявое дзяжурства”.
Пазней войскам трэба выканаць навучальна-баявыя задачы.
Праверка праводзіцца на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Напярэдадні Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.