Мінск 14:33

Хрэнін заявіў пра “высокую верагоднасць” узброеных правакацый з боку Украіны

Крыніца: Мінабароны

16 жніўня, Позірк. У Беларусі захоўваецца “высокая імавернасць” узброеных правакацый з боку Украіны, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 16 жніўня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях вайсковай бяспекі.

Паводле слоў Хрэніна, якога цытуе прэс-служба Міністэрства абароны, на мяжы з Беларуссю прысутнічаюць украінскія ўзброеныя падраздзяленні, а згаданыя правакацыі і “рэзанансныя акцыі” могуць быць арганізаваныя “ў тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў”.

“Становішча на паўднёвым аперацыйным кірунку застаецца напружаным. Фарміраванні ўзброеных сіл і памежнай службы Украіны працягваюць удасканаленне сістэмы аховы мяжы і элементаў эшаланаванай абароны. На ўсіх участках уздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь адзначаецца актыўная дзейнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і Службы бяспекі Украіны”, — сказаў кіраўнік Мінабароны.

З украінскага боку, дадаў ён,”бесперапынна вядзецца выведка, для чаго актыўна выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты, у тым ліку са спробамі парушэння паветранай прасторы Беларусі”.

Лукашэнка на нарадзе ў сваю чаргу заявіў, што Беларусь “цалкам гатовая” процідзейнічаць любым пагрозам: “Я так разумею, для адбіцця верагодных гадасцяў (я не хачу сказаць нападаў, удараў) у дачыненні да Беларусі ў нас ёсць усё”.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь “даўно знаходзіцца ў цэнтры геастратэгічных інтарэсаў планеты”.

“Гэта адна з прычын у тым ліку нарастання напружанасці ля нашых межаў. Плюс да таго (мы таксама гэта даўно бачым) за межамі нашай краіны, з ліку асабліва нашых збеглых, якія пакінулі Беларусь, фарміруюцца рознага роду харугвы і, як яны гучна называюць, палкі, цэлыя карпусы для таго, каб уварвацца ў пэўны перыяд часу ў Беларусь і ўзяць уладу, павярнуць краіну назад”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі “заўсёды да гэтага рыхтаваліся — да процідзеяння гэтым людзям”, “асабліва па лініі спецслужбаў і па лініі узброеных сіл” і перш за ўсё арміі.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі. Гэта адбылося на фоне наступальнай аперацыі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці РФ.

11 жніўня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў паведаміў, што ведамства не бачыць зменаў на мяжы з Беларуссю.

12 жніўня ў МЗС Беларусі быў выкліканы павераны ў справах Еўрасаюзу Стэн Нёрлаў, якому паказалі на “наяўнасць маркіроўкі вытворцаў краін ЕС на шэрагу элементаў аднаго са збітых беларускімі сіламі СПА беспілотнікаў”.

13 жніўня прэс-сакратар МЗС Украіны Георгій Ціхі паведаміў, што Кіеў не бачыць “асаблівай мэтазгоднасці” рэагаваць на выказванні Лукашэнкі аб парушэнні паветранай прасторы, бо “беларускі бок вядомы шматлікімі заявамі, на якія не варта рэагаваць”.

Падзяліцца: