Мінск 22:23

Беларускую амбасаду ў Арменіі закідалі яйкамі, памідорамі і бульбай

Акцыя пратэсту ля беларускай амбасады ў Арменіі
Крыніца: t.me/armtimes_com

21 жніўня, Позірк. Армянскія палітыкі прапануюць разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, вынікае з заявы старшыні партыі “У імя Рэспублікі” Армана Бабаджаняна.

Паводле яго слоў, МЗС краіны павінен “неадкладна выклікаць амбасадара Беларусі ў Арменіі (былы генеральны пракурор Аляксандр Канюк. — “Позірк”.) і апратэставаць неабгрунтаваныя заявы [Аляксандра Лукашэнкі]”.

Палітык мяркуе, што афіцыйны Ерэван павінен “адклікаць з Мінска” свайго дыпламата.

21 жніўня лідар партыі ўзяў удзел у акцыі пратэсту ля беларускай амбасады пад Ерэванам. Дыпмісія была закіданая яйкамі, памідорамі і бульбай.

У заяве ўдзельнікаў акцыі было выказана патрабаванне разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і абвясціць яе амбасадара персонай нон грата ў Арменіі.

Словы “беларускага дыктатара Лукашэнкі на адрас Арменіі і армянскага народа ў інтэрв’ю, дадзеным тэлеканалу “Расія” 19 жніўня, у якім ён заявіў, што “армяне нікому не патрэбныя” — чарговая праява яго антыармянскай пазіцыі, якая стала для яго благой традыцыяй”, адзначаецца ў заяве.

“Прымаючы пад увагу падтрымку, нададзеную Беларуссю Азербайджану ў вайне супраць Арменіі” і “прызнаючы сістэматычнае парушэнне правоў уласнага народа і грамадзян з боку беларускага дыктатарскага рэжыму”, Кансультатыўная платформа дэмсіл Арменіі запатрабавала ад уладаў абвясціць амбасадара Беларусі і ўвесь астатні дыпперсанал персонамі нон грата і даць ім трое сутак на тое, каб пакінуць тэрыторыю краіны.

Таксама прапануецца “разарваць усе двухбаковыя дамовы з Беларуссю, уключаючы пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян” і “лічыць немагчымым знаходжанне ў адным ваенным саюзе і эканамічнай і мытнай прасторах з Беларуссю і неадкладна выйсці з АДКБ, ЕАЭС і СНД”.

Заява падпісаная партыяй “У імя Рэспублікі”, Еўрапейскай партыяй Арменіі, ГА “Еўропа права”, клубам журналістаў “Аспарэз”.

Ціханоўская падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) 18 ліпеня ў Вялікабрытаніі выказала падтрымку Арменіі ў яе намаганнях па еўраінтэграцыі. Прэм’ер – міністру Ніколу Пашыняну і міністру замежных спраў Арарату Мірзаяну былі выказаны словы падтрымкі і падзякі за цвёрдую пазіцыю і падтрымку беларусаў.

Гэта была трэцяя публічная сустрэча Ціханоўскай і Мірзаяна.

20 чэрвеня яны абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі на перамовах у Вільнюсе. На наступны дзень у беларускі МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Беларусі Нарэк Тыратуран.

5 кастрычніка 2023 года на палях саміту ЕПС у іспанскай Гранадзе дэмлідар перадала армянскаму народу праз Пашыняна і Мірзаяна словы падтрымкі ў сувязі з тагачаснай сітуацыяй у Нагорным Карабаху.

Сёлета 13 чэрвеня Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. Пасля заявы прэм’ера абедзве краіны адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацый.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, кіраўнік урада Арменіі заявіў аб магчымым выхадзе краіны з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: