Мінск 16:07

Працэсы адраджэння, нацыянальнага будаўніцтва павінны ісці не толькі ў культуры ці адукацыі — Коўшык

Аліна Коўшык
Архіўнае фота: "Позірк"

14 верасня, Позірк. “Працэсы адраджэння, нацыянальнага будаўніцтва, узмацнення ідэнтычнасці павінны быць шырэйшымі, павінны ісці ўсюды, не толькі ў культуры ці адукацыі”, — такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

14 і 15 верасня ў Варшаве адбываецца мерапрыемства пад назвай “Стратэгічная Анты-Канферэнцыя “Belarusian ID Revival Days” (“Дні адраджэння беларускай ідэнтычнасці”), якое арганізавала прадстаўніцтва АПК па нацыянальным адраджэнні. Коўшык назвала форум “краевугольным каменем прадстаўніцтва” і “яго гістарычным дасягненнем”.

Паводле яе слоў, мерапрыемства закліканае паказаць, што для прадстаўніцтва вельмі важныя меркаванні экспертнай супольнасці, людзей розных прафесій. “Але самае істотнае, каб тое, пра што мы размаўляем гэтыя два дні, было пераведзена ў практычную плашчыню”, — падкрэсліла Коўшык.

Яна адзначыла, што на “анты-канферэнцыі” ідзе праца ў крэатыўных групах, “дзе ставяцца канкрэтныя пытанні і ідзе пошук іх развязанняў”. “Потым мы падзелімся гэтымі напрацоўкамі з удзельнікамі”, — сказала суразмоўца.

Адным з вынікаў мерапрыемства, паводле яе слоў, павінна стаць “актуалізацыя канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, асабліва так званых “дарожных мапаў”, якія на дадзены момант не вельмі дэталёвыя”.

“Але самае галоўнае, што людзі, якія зараз тут працуюць, будуць зараджаныя аднымі і тымі ж ідэямі, у іх будзе падобны склад мыслення, і яны здолеюць, кожны ў сваёй галіне, пачаць маленькімі крокамі рэалізацыю Канцэпцыі нацыянальнага адраджэння. Сёння на адкрыцці анты-канферэнцыі я сказала, што кожны, хто тут прысутнічае, — чалавек адраджэння, і я б хацела, каб такіх агентаў нацыянальнага адраджэння ў нас было больш”, — заявіла Коўшык.

Назву “анты-канферэнцыя” яна патлумачыла тым, што арганізатары “вырашылі крыху пахуліганіць”. “Я думаю, што да сябе трэба ставіцца з нейкім пачуццём гумару, але таксама і з годнасцю. Мы прыдумалі такую назву, таму што вельмі не хацелі, каб гэта пераўтварылася ў панэлі людзей у гальштуках, якія думаюць, што разумнейшыя за ўсіх. Нам было вельмі важна даваць голас залу і мець магчымасць сапраўды супольна працаваць над згаданымі дакументамі”, — падкрэсліла суразмоўца.

Праграмай мерапрыемства прадугледжаныя прэзентацыя канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, а таксама вынікаў даследавання беларускай ідэнтычнасці. Удзельнікі бяруць удзел у тэматычных дыскусіях на тэмы нацыянальнай ідэнтычнасці; нацыянальнай мадэлі адукацыі і навукі; магчымасці стварэння ў Беларусі сучасных нацыяльна-арыентаваных дзяржапарата, судовай сістэмы і сілавых ведамстваў. Асобны блок прысвечаны пытанням эканомікі, самакіравання і сацыяльнай падтрымкі.

Як адзначаюць арганізатары, “анты-канферэнцыя” — гэта “імпрэза, якая імкнецца стаць штогадовай сустрэчай для асноўных удзельнікаў (прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай, акадэмічнай і культурнай супольнасці, палітычных сіл і міжнародных партнёраў), зацікаўленых у забеспячэнні ўмоў для трывалага развіцця беларускай нацыі і яе захавання ў цяжкіх умовах інфармацыйнай вайны, рэпрэсій і татальнай русіфікацыі”.

Падзяліцца: