Мінск 03:22

Мінабароны пачало новы этап праверкі боегатоўнасці арміі — магчымы рух ваеннай тэхнікі па дарогах

Ілюстрацыйнае фота: Мінабароны

30 верасня, Позірк. Пра пачатак 30 верасня чарговага этапу праверкі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл (УС) паведамляе Міністэрства абароны.

Праверка праводзіцца пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба УС — намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі, падкрэслівае ведамства.

Адзначаецца, што “асноўны акцэнт” праверкі будзе зроблены на “гатоўнасці і здольнасці выконваць задачы па прызначэнні воінскімі часцямі і падраздзяленнямі” Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

“Мерапрыемствы праверкі будуць планава нарошчвацца з задзейнічаннем для выканання вучэбна-баявых задач усіх палігонаў Узброеных сіл”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца, што “асабістаму складу, у тым ліку ваеннаабавязаным, прызваным з запасу”, у рамках праверкі трэба будзе выканаць “увесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да ўжывання, выйсці ў прызначаныя раёны”.

Мінабароны папярэдзіла, што “падчас праверкі запланаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, магчыма часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці”.

З 21 чэрвеня праводзілася раптоўная праверка гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл “да выканання задач па прызначэнні”. Праверка праводзілася на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Перад гэтым Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: