Мінск 15:14

Мінск спрабуе палепшыць эканамічную супрацу з краінамі Цэнтральнай Азіі

Рынак у Душанбэ
Ілюстрацыйнае фота: Anton Rybakov / unsplash.com

11 кастрычніка, Позірк. Нарошчванню аб’ёмаў узаемнага гандлю і рэалізацыі перспектыўных праектаў у розных сферах была нададзеная “асаблівая ўвага” на перамовах амбасадара Беларусі ў Бішкеку Сяргея Малунова з віцэ-прэм’ерам — міністрам водных рэсурсаў, сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Кыргызстана Бакытам Тарабаевым, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле інфармацыі МЗС, Тарабаеў узначальвае двухбаковую міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічнай супрацы. Бакі абмеркавалі падрыхтоўку яе 12-га пасяджэння, якое павінна адбыцца да канца гэтага года ў сталіцы Кыргызстана.

У перамовах узяў удзел міністр эканомікі і камерцыі гэтай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі Санжар Балотаў.

У гэты ж дзень намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Назарук абмеркаваў у Мінску з амбасадарам Таджыкістана Бахтаварам Сафарзадой “актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы”. “Узгодненыя падыходы да сумеснага ўдзелу ў мерапрыемствах рознага ўзроўню, запланаваных да правядзення ў найбліжэйшы час у Беларусі і Таджыкістане, разгледжаны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з міжасобаснымі кантактамі”, — заяўляе МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства сцвярджае, што бакі “пацвердзілі стратэгічны характар беларуска-таджыкскіх стасункаў”.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Кыргызстана, узаемны тавараабарот з Беларуссю ў 2023 годзе склаў 103,4 млн долараў (беларускі экспарт — 76,2 млн, кыргызстанскія пастаўкі — 27,2 млн), скараціўшыся на 18,3% у параўнанні з 2022 годам.

Тавараабарот Беларусі і Таджыкістана летась вырас на 10% да 2022 года і склаў 93,8 млн долараў (экспарт Мінска — 87,9 млн, пастаўкі Душанбэ — 5,9 млн адпаведна), паведамляў у сакавіку Сафарзада ў інтэрв’ю газеце “Звязда”.

Беларускія ведамствы са свайго боку аналагічную статыстыку не публікуюць.

Падзяліцца: