Мінск 21:12

На ўезд у Цярэспаль сабралася больш за тысячу аўтамабіляў

31 кастрычніка, Позірк. Па стане на 10 гадзін 31 кастрычніка легкавы транспарт на ўезд у Еўрасаюз фіксуецца толькі перад польскім пунктам пропуску Цярэспаль (з беларускага боку Брэст) — 1.015 аўтамабіляў, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

За суткі чарга паменшылася на 185 машын — раніцай 30 кастрычніка ў ёй было 1.200 аўтамабіляў. Днём раней іх налічвалася 1.300, ДПК сцвярджае, што гэта рэкорд.

Кантрольныя службы польскага пункта пропуску за 24 гадзіны аформілі аўтамабіляў на 39% нормы (суткамі раней на 35%).

Перад гэтым памежным пераходам чакаюць уезду ў Польшчу шэсць аўтобусаў. Іх чарга значна скарацілася — 28 кастрычніка ў ёй стаяла 88 аўтобусаў. У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску Цярэспаль даходзіла да 108.

Каля 700 фур прастойваюць у чарзе на мяжы. Самы загружаны маршрут у Еўрасаюз праходзіць праз літоўскі пункт пропуску Шальчынінкай (Беняконі). Праз яго ў Літву за суткі заехала 28% транспарту, які мог быць прапушчаны па норме. Менш за ўсё грузавікоў аформілі кантрольныя службы Мядзінінкая (Каменны Лог) — 15% нормы, сцвярджае ДПК.

Праз адзіны адкрыты латвійскі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгароўшчына) у ЕС прайшло 50% фур.

Краіны ЕС закрылі частку пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краін ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы прама заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязанае адкрыццё пунктаў пропуску.

Пры гэтым пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю “датычыцца двухбаковых адносін паміж краінамі”, польскі бок чакае ад Мінска супрацоўніцтва па раней агучаных патрабаваннях: спыненне міграцыйнага крызісу, вызваленне Пачобута і выдача забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка. Пра гэта ў эфіры Radio ZET заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

Падзяліцца: