Мінск 09:57

Лукашэнка прапануе “Беларуськалію” разам з “Уралкаліем” скараціць здабычу ўгнаенняў

Крыніца: profmedia.by

4 лістапада, Позірк. Для павышэння кошту мінеральных угнаенняў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў скараціць іх здабычу.

Прызначаючы 4 лістапада Андрэя Рыбакова на пасаду генеральнага дырэктара “Беларуськалія”, ён даручыў “прапрацаваць пытанне, з кім гэта трэба — асабліва з расіянамі, — па здабычы”.

“Я такіх коштаў наогул не памятаю ў гісторыі: вельмі нізкія кошты на калійныя ўгнаенні, хоць праца шахцёраў няпростая. Можа быць, нам з расіянамі перагаварыць, параіцца і працэнтаў на 10, можа, 11, знізіць здабычу калійных угнаенняў. Не тое што дэфіцыт на рынку з’явіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі”, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

На думку Лукашэнкі, “выдаткі там даволі вялікія, трэба іх зніжаць”. “Упэўнены, што ты ведаеш, як знізіць, — сказаў ён, звяртаючыся да новага гендырэктара прадпрыемства. — І дададзены кошт у тым ліку на аднаго работніка трэба падымаць да сусветнага ўзроўню. І ў падведамных арганізацыях трэба наводзіць парадак — так, каб яны працавалі, а не бегалі за кіраўніком “Беларуськалія” і прасілі грошай. Асабліва ў аграрнай сферы”.

“Так, сёння заходнія краіны блакуюць пастаўкі калійных угнаенняў. Але ў мяне мора запытаў. Не буду называць гэтыя дзяржавы, якія кажуць: “Давайце разам зробім і будзем прадаваць комплексныя, змешаныя ўгнаенні”. Трэба на гэта ісці: мы кудысьці паставім калій, стаіць там завод на мяжы дзесьці — змешваем угнаенні і адразу за мяжу прадаем разам. Попыт найвелізарны: на прадукты харчавання заўсёды будзе попыт вялікі, а без мінеральных угнаенняў якое харчаванне? Таму трэба выходзіць на дзяржавы, з якімі мы можам вырабляць гэтыя ўгнаенні”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заклікаў больш актыўна прабівацца на знешнія рынкі, кірункі працы “ўжо намацалі”: “Не хоча Еўропа з намі працаваць — гасподзь з імі”.

Эксперты ацэньваюць аб’ём сусветнага рынку калійных угнаенняў у 2024 годзе ў 20,2 млрд долараў, да 2030-га — у 28,1 млрд. У жніўні 2023 года тагачасны міністр замежных спраў Сяргей Алейнік заявіў, што доля “Беларуськалія” на сусветным рынку з-за санкцый у 2022 годзе скарацілася з 20% да 9%.

Падзяліцца: